грані́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да граніту. Гранітныя горы. // Зроблены з граніту. Гранітная трыбуна. Гранітны помнік.
граніто́левы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з гранітолю. Кніга з гранітолевымі вокладкамі.
грані́тчык, ‑а, м.
Рабочы, які апрацоўвае граніт.
грані́ца, ‑ы, ж.
1. Прыродная або ўмоўная лінія, якая раздзяляе два сумежныя ўчасткі зямлі, дзве адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і пад.; мяжа. Рэчка паўставала перада мной не толькі як граніца сенажацей двух калгасаў, а як нейкая своеасаблівая мяжа паміж двума светамі: цяжкім мінулым і шчаслівым сённяшнім днём. Шуцько. // Лінія, якая раздзяляе тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Дзяржаўная граніца. □ Цяпер мяне кліча Радзіма, І я на граніцу іду. Панчанка.
2. Мера дазволенага; край, рубеж. Аўгіння жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Колас.
•••
За граніцай — у замежных дзяржавах.
За граніцу — у замежныя дзяржавы.
З-за граніцы — з замежных дзяржаў.
грані́цца, ‑ніцца; незак.
1. Паддавацца граненню.
2. Зал. да граніць.
грані́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
Рабіць грані (у 2 знач.) на чым‑н. шляхам рэзкі, абточвання і шліфоўкі. Граніць алмаз.
грані́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць гранічнага (у 2 знач.). Кампазіцыя твора да гранічнасці простая: узяты пэўны адрэзак часу, і на яго працягу паслядоўна разгорнуты падзеі. Скрыган.
грані́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да граніцы (у 1 знач.). Гранічныя капцы.
2. Максімальны, найвышэйшы, крайні. Чэхаўская прастата, яснасць, лаканічнасць і гранічная кароткасць захаплялі маладога беларускага пісьменніка Якуба Коласа. «Полымя».
грані́чыць, ‑чыць; незак., з чым.
1. Быць сумежным па тэрыторыі, мець агульную граніцу. СССР гранічыць з Польшчай.
2. перан. Быць блізкім да чаго‑н., амаль супадаць з чым‑н. Ва ўсёй істоце чорнага чалавека за сталом з явілася на момант нешта такое, што гранічыць з уздымам нявінна-дзіцячага захаплення. Чорны.