грабе́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да грэбеня (у 1, 2 знач.). Грабенныя вырабы. Грабенная машына. Грабенная пража.
грабе́ньчаты, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд грэбеня (у 1 знач.), мае грэбнепадобныя часткі. Грабеньчаты вал.
грабе́ц, ‑бца, м.
1. Той, хто грабе, працуе з граблямі. Пабялеўшыя пракосы, накошаныя з рання, перакідаліся грабцамі на другі бок. Гартны.
2. Разм. Тое, што і вясляр. Гоніць чайку грабец. На другім канцы сядзіць са стрэльбаю паляўнічы. Колас.
грабі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Сельскагаспадарчая машына для зграбання сена, рабочай часткай у якой з’яўляюцца металічныя зубы. Конная грабілка. □ Стракочуць грабілкі, махаючы галовамі, бразгаюць цуглямі коні. Дайліда.
грабі́льна, ‑а, н.
Ручка ў граблях. Дзяды спаўзлі з верху, абышлі стог навокал, падраўнялі яго граблямі, прымацаванымі да доўгіх грабільнаў. Асіпенка.
гра́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго-што.
Сілай забіраць чужое дабро; рабаваць. Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес. «Весці». // Разм. Разараць паборамі, узяткамі. Дваранскія камітэты прама грабілі сялян пры дапамозе царскага ўрада. Ленін.
грабко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да грабка (у 1 знач.). Грабковыя рухі.
гра́блены, ‑ая, ‑ае.
Набыты грабяжом. Грабленае дабро.
гра́блі, ‑бель; адз. няма.
1. Сельскагаспадарчая прылада для зграбання сена, саломы і пад. Уставіць зуб’е ў граблі. Металічныя граблі.
•••
Конныя граблі — тое, што і грабілка.