Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Разграбаць рукамі што‑н. І хлопец пачаў грабаць пад дошкаю зямлю. Чорны.

2. Вадзіць пальцамі, лапай, дакранаючыся да чаго‑н. [Ваўчыца] рванула полем наўздагад. Спынялася. Па мордзе лапай грабала, Хацела лес убачыць — не магла. Сербантовіч.

грабе́ж, ‑бяжу, м.

Заход чужой маёмасці, звычайна з прымяненнем сілы; аграбленне. Вораг здалёку мог выпусціць стрэлы, Выскачыць зблізку з мячом ці дубінай, — Гвалт і грабеж панавалі няспынна. Бітэль.

грабе́жнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца грабяжом; рабаўнік. За адну ноч узброеныя абрэзамі невядомыя грабежнікі зрабілі налёт на двух фінагентаў і адабралі ў іх каля шасці тысяч рублёў. Паслядовіч. // Разм. Вымагальнік, абірала. Вінаваты ў няведанні рабочымі законаў не столькі самі рабочыя, колькі іх эксплуататары (‑грабежнікі), якія валодаюць усёй уласнасцю, жывуць чужой працай. Ленін.

грабе́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да грабежнік.

грабе́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да грабежніка, грабежнікаў, уласцівы ім. Грабежніцкія планы. // Які вядзецца з мэтай грабяжу, аграблення. Грабежніцкая вайна. // Празмерна высокі, вымагальны. Грабежніцкія штрафы. Грабежніцкія цаны.

грабе́жніцтва, ‑а, н.

Дзейнасць грабежніка; грабеж.

гра́белькі, ‑лек; адз. няма.

1. Памянш.-ласк. да граблі; невялікія граблі.

2. Прыстасаванне ў форме грабель на касе, якой скошваюць збожжа.

грабе́льнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і грабец (у 1 знач.). Сыходзіць чэрвень. Сама касавіца ў гэтую спякотную пару. Ідуць грабельнікі — падлеткі, маладзіцы. Вітка.

грабе́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да грабельнік.

грабе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. грэбці.