Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уно́чы, прысл.

У начны час, ноччу. Нас паліла сонца ўдзень, Халадзіў уночы цень. Бядуля. Вітанне таму, хто ў суровыя годы Не ведаў спакою ні ўдзень, ані ўночы. Броўка.

унты́, о́ў; адз. унт, ‑а́, м. і у́нты, унт; адз. у́нта, ‑ы, ж.

Абутак з футра на мяккай падэшве ў народаў Поўначы і Сібіры. Ганна паказвала старому новыя унты, прыгатаваныя ў падарунак сыну. Лукша.

у́нтэр, ‑а, м.

Разм. Тое, што і унтэрафіцэр.

у́нтэрскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да унтэра, належыць яму. Унтэрскае званне.

унтэрто́н, ‑у, м.

Спец. Тон, які ўваходзіць у састаў складанага гуку, больш нізкі, чым асноўны, а таксама дадатковы нізкі тон.

[Ад ням. Unterton.]

у́нтэр-афіцэ́р, ‑а, м.

Званне малодшага каманднага саставу ў царскай і некаторых замежных арміях. // Асоба, якая мае гэта званне. Малодшы унтэр-афіцэр.

[Ням. Unteroffizier.]

у́нтэр-афіцэ́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да унтэр-афіцэра, належыць яму. Унтэр-афіцэрскі састаў. Унтэр-афіцэрская форма.

у́нтэр-афіцэ́рства, ‑а, н.

1. зб. Унтэрафіцэры, унтэр-афіцэрскі састаў.

2. Разм. Унтэр-афіцэрскае званне.

уну́к, ‑а, м.

1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.

2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

уну́каў, ‑ава.

Які належыць унуку, уласцівы ўнуку. Вежу падабаўся ўчэпісты, гаспадарскі і ўсё ж ва ўсім добры ўнукаў розум. Караткевіч.