раз’язджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Многа і часта ездзіць з месца на месца. [Мікола] не чуў, як неўзабаве побач спынілася машына хуткай дапамогі, якая раз’язджала па вуліцах, падбіраючы раненых. Якімовіч. Аднак труна Буйніцкага не мела сталага прыпынку і вымушана была раз’язджаць. Рамановіч.
раз’язны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да раз’езду, прызначаны для раз’ездаў. Раз’язны пуць. Раз’язны конь.
2. Які павінен пастаянна раз’язджаць з месца на месца па службе. Раз’язны карэспандэнт. Раз’язны механік. Раз’язная аўтакрама.
раз’я́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’ярыць.
2. у знач. прым. Які прыйшоў у ярасць, ахоплены ярасцю. — Што вы робіце, дурні?! — крыкнуў .. [Лабановіч] раз’яраным байцам і стаў паміж імі. Колас.
раз’яры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Прыйсці ў ярасць. Раз’ярыўся поп, наступае грозна на Міколку. Лынькоў. Залезлі ў полі супастаты, Растуць акопы, раўчакі, І раз’ярыўся вораг люты! Колас.
раз’яры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго.
Прывесці ў ярасць. Раз’ярыць звера.
раз’ярэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Тое, што і раз’ярыцца. Але Семяняка толькі раз’ярэў ад гэтага: — Як, мне слова не хочаце даць? Лобан.
раз’ясне́ць, ‑ее; безас. зак.
Стаць ясным, сонечным; праясніцца.
раз’ясні́цца, ‑ніцца; зак.
Стаць ясным, сонечным, праясніцца. Неба раз’яснілася, афарбавалася ў зеленаваты халодны колер. Колас.
раз’я́траны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’ятрыць.
2. у знач. прым. Які раз’ятрыўся; раз’юшаны. Раз’ятраны бык. □ [Селянін] пачаў расказваць, як чулі яны са свае вёскі гэты бой і як пасля туды наскочылі раз’ятраныя фашысты, пагражала спаліць да аднае хаты. Чыгрынаў. [Йонас] выбег з барака і кінуўся ўцякаць ад раз’ятранага Кузьмы, які імчаўся за ім. Броўка. // Які адлюстроўвае моцнае раздражненне, злосць. Раз’ятраны позірк. □ Твары салдат былі ва ўсіх грозныя, у некаторых раз’ятраныя. Лынькоў. // перан. Вельмі моцны; шалёны, неўтаймаваны. Захутаўшы ў каўнер галаву, Валя сядзела поруч з Васілём і моўчкі прыслухоўвалася, як шалее раз’ятраны вецер. Шашкоў.
3. у знач. прым. Моцна развярэджаны, раздражнёны, растрывожаны. Цішыня і раз’ятраны боль У зялёным лясным шпіталі. Дзяргай.