гладкалі́сты, ‑ая, ‑ае.
З гладкім лісцем. Гладкалістая вярба.
гладкаство́лы, ‑ая, ‑ае.
З гладкім ствалом. Толькі адна дарога і ведае, колькі было перавезена ў вёску стромкіх, гладкастволых бярозак. Асіпенка.
гладкаство́льны, ‑ая, ‑ае.
З гладкім, не наразным ствалом. Гладкаствольнае ружжо.
гла́дкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць гладкага. Гладкасць пражы. Гладкасць паперы.
гладкафарбава́ны, ‑ая, ‑ае.
Пафарбаваны ў адзін колер. Гладкафарбаваная тканіна.
гла́дкі, ‑ая, ‑ае; ‑дак, ‑дка.
1. Роўны, без упадзін і выступаў. Гладкі асфальт. Гладкая пляцоўка. □ Аэрадром займаў вялізнае гладкае поле. Бядуля. Калёсы .. затарабанілі па роўнай гладкай дарозе. Скрыган. // Не шурпаты, слізкі, прыемны на дотык. Гладкае шкло. Гладкая папера. // Прамы, не завіты (пра валасы). Гладкая прычоска.
2. перан. Складны, плаўны, лёгкі для разумення (пра мову, верш, думкі і пад.). Суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцця. Бядуля.
3. Разм. Сыты, адкормлены. Рыхтуючыся да суровай зімы, .. [мядзведзіца] зрабілася тлустай і гладкай. В. Вольскі. У сваёй маткі ўсе дзеткі гладкі. Прыказка.
гладу́н, ‑у, м.
Шмат- або аднагадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых.
гладчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. гладкі.
гладчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
Станавіцца больш гладкім.