Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гі́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Абл. Верхняя частка завязанага мяшка, торбы. Ігнаціха трымалася рукамі за гічку мяшка. Капыловіч.

гі́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Вузкая і доўгая спартыўная шлюпка з нізкімі бартамі. У гічцы — дужыя грабцы. Лужанін.

[Англ. gig.]

гіяцы́нт, ‑у, М ‑нце, м.

1. Травяністая расліна сямейства лілейных з прадаўгаватымі вузкімі лістамі і пахучымі кветкамі.

2. Назва некаторых каштоўных камянёў (гранату, аметысту і інш.) жоўтага, чырвонага або аранжавага колеру.

[Ад імя старажытнагрэчаскага міфічнага юнака, якога быццам забіў Апалон і ператварыў у кветку.]

гіяцы́нтавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гіяцынту (у 1 знач.). Гіяцынтавы пах.

2. Зроблены з гіяцынту (у 2 знач.); з гіяцынтам (гіяцынтамі). Гіяцынтавы пярсцёнак.

глаба́льны, ‑ая, ‑ае.

Усеагульны, усеабдымны (у межах зямнога шара). Арганізаваць службу надвор’я ў глабальным маштабе. □ [Праблема чыстай вады] не рэгіянальная беларуская праблема і нават не саюзная — яна даўно ўжо пабыла глабальны характар. «Полымя».

•••

Глабальная ракета гл. ракета.

глабулі́ны, ‑аў; адз. глабулін, ‑у, м.

Найбольш пашыраная ў прыродзе група жывёльных і раслінных бялкоў. Малочны глабулін. Яечны глабулін.

[Ад лац. globulus — шарык.]

глава́, ‑ы; мн. главы, глаў; ж.

Раздзел кнігі, артыкула, абазначаны нумарацыяй або загалоўкам. Главы рамана.

глагалі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да глаголіцы. Глагалічная літара. // Напісаны глаголіцай. Глагалічны рукапіс.

глаго́ліца, ‑ы, ж.

Адна з дзвюх азбук стараславянскай мовы.

глаго́ль, ‑я, м.

Даўнейшая назва літары «г».

гла́джанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гладзіць.