грамадзя́нін, ‑а; мн. ‑дзяне, ‑дзян; м.
1. Чалавек, які адносіцца да пастаяннага насельніцтва краіны, карыстаецца правамі і выконвае абавязкі, устаноўленыя яе канстытуцыяй. Грамадзянін Савецкага Саюза.
2. Высок. Свядомы член грамадства, чалавек, які падпарадкоўвае асабістыя інтарэсы інтарэсам грамадства. Карл Маркс — грамадзянін свету.
3. Дарослы чалавек, мужчына, а таксама форма звароту да яго. — Вам што трэба, грамадзянін? — холадна звярнуўся да .. [фабрыканта] Саламон. Бядуля. [Дзяўчына:] Там адзін грамадзянін просіць прыняць яго без чаргі. Крапіва.
4. Уст. Жыхар горада, гараджанін.
грамадзя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да грамадзянін.
грамадзя́нскасць, ‑і, ж.
Усведамленне сваіх правоў і абавязкаў у адносінах да дзяржавы; грамадзянская арганізаванасць і дысцынлінаванасць. Грамадзянскасць і патрыятызм ніколі не супрацьстаялі адно другому. «Полымя».
грамадзя́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да прававога становішча грамадзян (у 1 знач.) у дзяржаве. Грамадзянскі кодэкс. Грамадзянскія правы. Грамадзянскія законы. / Накіраваны на карысць грамадства; уласцівы грамадзяніну. Грамадзянскі абавязак.
2. Неваенны, цывільны. Ніхто пабочны сюды не заглядваў — грамадзянскаму насельніцтву ўвогуле было забаронена хадзіць у лес, а гітлераўцы баяліся. Няхай.
•••
Грамадзянская вайна гл. вайна.
Грамадзянская паніхіда гл. паніхіда.
Грамадзянскі шлюб гл. шлюб.
грамадзя́нства, ‑а, н.
1. Прыналежнасць асобы да насельніцтва пэўнай дзяржавы, якая абумоўлівае яго правы і абавязкі ў адносінах да гэтай дзяржавы. Савецкае грамадзянства.
2. зб. Уст. Грамадзяне (гл. грамадзянін у 4 знач.). З дня на дзень газеты прыносілі ўсё цікавейшыя весткі пра настрой рабочых і грамадзянства. Гартны.
грама́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Памянш. да грамада (у 1 знач.). А познімі змрокамі ідуць маладыя жнейкі дахаты, ідуць грамадкай цеснай, босыя. Бядуля.
грама́дскасць, ‑і, ж.
1. Перадавая, найбольш актыўная частка грамадства. [Трэці з камунараў:] Пад партыйным кіраўніцтвам Працуем на якасць, Нам урад ідзе насустрач І наша грамадскасць. Купала. // Грамадскія арганізацыі. Грамадскасць завода.
2. Усведамленне грамадскіх інтарэсаў, патрэб, цікавасць да пытанняў грамадскага жыцця. Пачуццё грамадскасці.
грама́дскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да грамадства (у 1 знач.). Грамадскі лад. Законы грамадскага развіцця. // Які ўзнікае ў грамадстве або адносіцца да жыцця грамадства. Грамадскія адносіны. Грамадскае жыццё.
2. Які належыць усяму грамадству; калектыўны. Грамадская ўласнасць на прылады і сродкі вытворчасці. // Прызначаны для агульнага карыстання. Грамадскія бібліятэкі. □ — Таварышы, так у грамадскім месцы сябе не паводзяць, — сярдзіта гаворыць нехта ззаду. Карпаў.
3. Звязаны з работай па добраахвотнаму абслугоўванню палітычных, культурных, прафесійных патрэб калектыву. Грамадскае даручэнне. Грамадскі інспектар. □ Студэнтам было шмат работы і грамадскай, і па вучобе. Карпюк.
•••
Грамадская думка гл. думка.
грама́дства, ‑а, н.
1. Сукупнасць людзей, аб’яднаных пэўнымі адносінамі, якія абумоўлены спосабам вытворчасці матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Чалавечае грамадства. Гісторыя грамадства. // Эканамічны лад і адпаведная яго надбудова. Капіталістычнае грамадства. Сацыялістычнае грамадства. Камуністычнае грамадства.
2. Кола людзей, аб’яднаных чым‑н. агульным (паходжаннем, інтарэсамі і г. д.). Дваранскае грамадства.
3. Тое, што і грамадскасць (у 1 знач.).
гра́мата, ‑ы, ДМ ‑мэце, ж.
1. Уменне чытаць і пісаць. Сельскі настаўнік павінен быў вучыць на сяле грамаце і дзяцей і дарослых. «Беларусь». Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце. Чарнышэвіч. // Пачатковыя звесткі з якой‑н. галіны ведаў. Музычная грамата. Палітычная грамата. Тэхнічная грамата.
2. Афіцыйны дакумент, якім узнагароджваюць за пэўныя поспехі. Пахвальная грамата. Ганаровая грамата.
3. Уст. Пісьмо, пасланне. □ Першае вядомае гісторыкам пісьмовае сведчанне, у якім адзначаецца роля Мінска ў Вялікім княстве Літоўскім, — гэта грамата вялікага князя літоўскага ад 1444 года. «Полымя».
•••
Ахоўная грамата — дакумент, які сведчыць, што асоба або яе маёмасць знаходзіцца пад асаблівай аховай дзяржаўнай улады.
Берасцяная грамата — старажытнарускія пісьмы і дакументы, напісаныя на бяросце.
Вярыцельная грамата — урадавы дакумент пра назначэнне пэўнай асобы дыпламатычным прадстаўніком у якой‑н. дзяржаве.
Кітайская грамата — пра што‑н. цяжкае для разумення; тое, у чым цяжка разабрацца.
Фількава грамата — непісьменны складзены дакумент; дакумент, які не мае юрыдычнай сілы.