гіе́на, ‑ы, ж.
Жывёліна сямейства драпежных млекакормячых, якая водзіцца ў гарачых краінах і корміцца пераважна мярцвячынай. Плямістая гіена. □ Дзесьці забрахала гіена, і здалёку пачуўся рык ільва. Маўр.
[Грэч. hyaina.]
гіз, ‑а і ‑у, м.
Разм.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гізаваць. Уставіць цялё вока сваё слівянае, сіняватае, прыгледзіцца да сонца, бок падагрэе і пайшло скакаць ды падскакваць. А за ім навыперадкі ўсе. Без гізу гіз. Лынькоў.
2. ‑а. Вялікая муха, самка якой жывіцца кроўю жывёлы, а самец — сокам раслін. Гіз напаў на кароў.
гізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак.
Разм. Імкліва бегаць, ратуючыся ад укусу гіза. Каровы гізуюць.
гік, ‑у, м.
Разм. Тое, што і гіканне. Выстраіліся [людзі] ў шэраг і.. з гікам вылецелі з-за скалы. Маўр.
гі́канне, ‑я. н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гікаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Партызаны] чулі, як ззаду стралялі, як доўга над полем разносілася гіканне коннікаў. М. Ткачоў.
гі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Абзывацца прарэзлівымі, адрывістымі гукамі. Казакі гікалі, свісталі, спявалі. Бядуля.
гі́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Аднакр. да гікаць.
гіль, ‑я, м.
Разм. Тое, што і снягір. Чым далей ад дому, меней гілёў са сваімі чырвонымі грудкамі, — не пырхаюць з куста на куст. Пташнікаў.
гільдзе́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гільдыі. Гільдзейскі купец.
гі́льдыя, ‑і, ж.
1. У сярэдневяковай Еўропе — аб’яднанне купцоў або рамеснікаў, якое абараняла інтарэсы або цэхавыя прывілеі сваіх членаў.
2. У царскай Расіі — адзін з трох саслоўнападатковых разрадаў, на якія падзялялася купецтва ў залежнасці ад велічыні капіталу. Купец першай гільдыі.
•••
Першай гільдыі — пра чалавека з крайнім праяўленнем якіх‑н. якасцей. Штукар першай гільдыі.
[Ад ням. Gilde — таварыства.]