Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гінекало́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае асаблівасці жаночага арганізма, захворванне жаночых палавых органаў і іх лячэнне.

[Ад грэч. gynē — жанчына і lógos — вучэнне.]

гінеко́лаг, ‑а, м.

Урач па жаночых хваробах, спецыяліст у галіне гінекалогіі.

гіне́я, ‑і, ж.

Старадаўняя англійская залатая манета, роўная 21 шылінгу.

гі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Спыняць існаванне, разбураючыся, знішчаючыся; знікаць, прападаць. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці, скарбніцы культуры. Гурскі. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры. Колас. // Паміраць. Гінуць ад кулі. □ Без каманды войска гіне. З нар. / Пра жывёлу, расліны. На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Колас. Не узыходзіць, А чэзне і гіне насенне, Калі кідае сейбіт яго На каменне. Макаль.

2. перан. Знікаць, рушыцца (пра планы, надзеі і пад.). Надзеі гінуць. □ Гінулі і туманіліся думкі. Чорны.

гіпа...

Прыстаўка, якая паказвае на змяншэнне чаго‑н. у параўнанні з нормай, напрыклад: гіпавітаміноз, гіпатэрмія; проціл. гіпер...

[Грэч. hypó — пад, знізу.]

гіпадынамі́я, ‑і, ж.

Спец. Празмернае аслабленне, паніжэнне мышачнай дзейнасці.

[Ад грэч. hypó — пад, знізу і dynamis — сіла.]

гіпаксі́я, ‑і, ж.

Паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма; кіслароднае галаданне.

[Ад грэч. hypó — пад, знізу і лац. oxygenium — кісларод.]

гіпало́гія, ‑і, ж.

Навука аб конях і спосабах паляпшэння конегадоўлі.

[Грэч. hippos — конь і lógos — вучэнне.]

гіпапата́м, ‑а, м.

Тое, што і бегемот.

[Грэч. hippopotamos — рачны конь.]

гіпаста́з, ‑у, м.

Застой крыві ў ніжніх частках цела, які назіраецца ў хворых з аслабленай сардэчнай дзейнасцю.

[Ад грэч. hypó — пад, знізу і stásis — застон.]