раз’ю́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раз’юшыць.
раз’ю́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Стаць раз’юшаным; разлютавацца. [Сенька] раз ударыў, раз’юшыўся, замахнуўся і яшчэ раз стукнуў. Краўчанка. Сабака таксама раз’юшыўся, ашчэрыў зубы. Дамашэвіч.
раз’ю́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.
Давесці да шаленства, ярасці. — Давай! Давай! — нецярпліва гулі людзі, каб нас больш раз’юшыць. Карпюк. Суд наклаў на яе сто рублёў штрафу. Гэта так раз’юшыла Марфу, што яна не памятала, як выскачыла на вуліцу. Сіняўскі.
разя́ва, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. груб. Рассеяны, няўважлівы чалавек. Ніна высунулася з будкі і закрычала: — Гэй, ты! Доўга варон будзеш лавіць? Разява! Шамякін.
разява́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вацы, Т ‑вакай (‑аю), ж.
Разм.
1. Той, хто бяздумна прыглядаецца да каго‑, чаго‑н. Збягаліся цікаўныя да сенсацый разявакі, газетныя рэпарцёры і ўсякі іншы народ. Лынькоў. На тратуарах спыняліся разявакі, праводзячы вачыма салдат. Гурскі.
2. Тое, што і разява. — Няхай не будзе разявакам і кладзе грошы так, каб не губляць, — даводзіў Толя. Пальчэўскі. Азіраюся назад, на свае сляды, і бачу на тым месцы, дзе круціўся, раздушаны грыб. А-я-яй, разявака... Місько.
разява́цтва, ‑а, н.
Разм. Крайняя рассеянасць і няўважлівасць; паводзіны разявакі. Карыстаючыся давер’ем, а ў асобных выпадках разявацтвам хатніх гаспадынь, .. [жанчына] займалася крадзяжом. «Звязда».
разя́віўшы,
Дзеепрысл. зак. ад разявіць.
•••
Разявіўшы рот — з вялікай цікавасцю, увагай (слухаць).
разя́віцца, разяўлюся, разявішся, разявіцца; зак.
Разм. Шырока раскрыцца (пра рот, пашчу). Твар у пасажыра выцягнуўся, смешна разявіўся рот, але ніхто на гэта не ўсміхнуўся, ніхто нават не звярнуў увагі. Васілёнак. // Шырока раскрыць рот (пра чалавека). З дзіву — аж разявіўся [паліцай]: што мы за такія? Таўлай. Як выскачыў з залы «Салавей», не захацеўшы быць «панскім салаўём», усе госці разявіліся ад дзіва. Бядуля. // перан. Груб. Сказаць што‑н., гаркнуць. — Ну куды так маеш рупіцца? Сёння ж нядзеля... — разявіўся і Джвучка. Пташнікаў. // перан. Уставіцца вачыма, позіркам, разглядаючы каго‑, што‑н. — Што за гармідар тут? — накінуўся .. [містэр Крукер] на грузчыкаў. — Тыя маўчалі, пазіраючы на яго спадылба і мімаволі сціскаючы кулакі.. — Ну, ты чаго разявіўся на мяне? — тыцнуў ён палкай у грудзі аднаго з грузчыкаў. Лынькоў.
разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.
Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.
•••
Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.
Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.
раз’яда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да раз’есціся.
2. Зал. да раз’ядаць.