Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ляту́нак, ‑нка, м.

Разм. Мара, летуценне. Усё, што ўчора нам Здавалася нязвычным, Рэальнасцю жывой З лятункаў паўстае. Звонак. Я люблю цябе тую, Якая ты ёсць, — У лятунках, трывогах і радасцях. Калачынскі.

ляту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе; ж.

Разм. Жан. да лятун (у 1 знач.).

ляту́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць лятучага. Лятучасць рэчыва.

ляту́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Разм. Кароткая вытворчая нарада для вырашэння неадкладных спраў. [Салаўянчык:] — Пасля работы, у канцы змены, мы збіраемся на лятучку і правяраем свае абавязацельствы. Грамовіч.

2. Разм. Пра лёгкі, хуткі від транспарту. Санітарная лятучка. □ Хутка пасля ўзрыву на месца аварыі прыбыла рамонтная лятучка. Краўчанка.

3. Крылападобны выраст на насенні некаторых раслін, які дазваляе яму лёгка разносіцца ветрам.

ляту́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лятае, носіцца ў паветры. Лятучыя воблакі. // Здольны лятаць, насіцца ў паветры. Лятучае насенне. Лятучыя пяскі. □ Там-сям серабрылася ў паветры лятучае павуцінне. Караткевіч. // перан. Здольны хутка перамяшчацца з месца на месца, мяняць месца. Лятучы партызанскі атрад.

2. перан. Які хутка праходзіць, кароткачасовы (пра час, з’яву і пад.). Хай час пралятае лятучы, Усмешка заўжды, як вясна. Зарыцкі. // Мімалётны, які хутка мяняецца, няўлоўны. У часе прыязнай гамонкі, Лятучых жартаў і прыкрае Ускочыў хлопчык з крыкам звонкім, Каханак Богутаў, Адась. Колас.

3. Які праводзіцца раптоўна і хутка (пра сходы, мітынгі і пад.). Лятучы рэйд. Лятучы мітынг.

4. Які раптоўна пачынаецца і хутка праходзіць (пра хваробы). Лятучая ліхаманка. Лятучы рэўматызм.

5. Спец. Які хутка выпараецца. Лятучы эфірны алей. Лятучыя кіслоты.

•••

Лятучая мышгл. мыш.

Лятучая пошта гл. пошта.

Лятучыя рыбы гл. рыба.

ляўка́с, ‑у, м.

Грунт пад афарбоўку або пазалоту на драўляных вырабах.

[Ад грэч. leukos — белы.]

ляўко́нія, ‑і, ж.

Аднагадовая або двухгадовая травяністая дэкаратыўная расліна сямейства крыжакветных з пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі, сабранымі ў гронкі; мацыёла.

[Грэч. leukos — белы.]

ляўша́, ‑ы, Т ‑ой (‑ою), м. і ж.

Той, хто валодае левай рукой лепш, чым правай.

ляўшу́н, леўшуна, м.

Разм. Тое, што і ляўша.

лях,

гл. ляхі.