гра́лекс, ‑у, м.
Заменнік скуры: тканіна з каўчукавым пакрыццём.
[Ад скарачэння ўласн. імён вынаходнікаў Графава і Аляксеенкі.]
грам, ‑а, м.
Адзінка вагі ў метрычнай сістэме мер, роўная вазе аднаго кубічнага сантыметра вады пры тэмпературы 4°C.
•••
Грам-атам — колькасць грамаў хімічнага элемента, роўная яго атамнай вазе.
Граммалекула — колькасць грамаў рэчыва, роўная яго малекулярнай вазе; моль 4.
[Фр. gramme.]
грамаве́ржац, ‑жца, м.
Паэт. Той, хто пасылае гром (у антычнай міфалогіі эпітэт Зеўса — Юпітэра). // перан. Пра грознага, суровага чалавека.
грамавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да грому (у 1 знач.). Раз-пораз успыхвалі сіняватыя маланкі і перакочваліся з канца ў канец грамавыя ўдары. Лынькоў.
2. Вельмі моцны, аглушальны. Грамавы голас. Грамавое «ура».
грама́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Што‑н. вельмі вялікае, масіўнае. Над прытоеным змрокам, над цёмнай грамадай лесу ўзнялася песня. Лынькоў. А паміж воблакаў-грамад І белай ад снягоў зямлёю — Закуты сцюжай вадаспад Застыў струною ледзяною. Танк. // Мноства чаго‑н., сабранага ў адным месцы. Грамада камяніц, раскінутых на вялікіх прасторах, вельмі прыгожа спускалася да даліны Свіслачы. Колас.
грамада́, ‑ы́, ДМ ‑дзе́, ж.
1. Група людзей, натоўп. [Настаўніца] гуляе ў лесе з вясёлай грамадой школьнікаў. Бядуля. Усёй сваёй невялічкай грамадой хлопцы пайшлі па вуліцы. Кулакоўскі. / Пра дрэвы, прадметы і пад. Я моўчкі вітаю дзень многагалосы, Дубоў грамаду, красу лугавую. Колас. // у знач. прысл. грамадо́й. Усе разам, гуртам. Падводамі прывозілі з горада тавар; грамадою хадзілі дзівіцца, аглядаць. Каваль.
2. Пазямельная абшчына ў Беларусі і на Украіне да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама сход членаў гэтай абшчыны.
грамадазна́вец, ‑знаўца, м.
Спецыяліст у галіне грамадазнаўства.
грамадазна́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да грамадазнаўства. Грамадазнаўчыя навукі.
грама́дзіна, ‑ы, ж.
Разм. Што‑н. вельмі вялікае, масіўнае; грамада. Лабановіч не мог адвесці вачэй ад купчастых грамадзін-хмар і ўвесь аддаўся чарам зямлі і неба. Колас. Вечар сыходзіў на горад, паветра цямнела, чорныя грамадзіны гор як бы прысунуліся бліжэй. Самуйлёнак.
грама́дзіцца, ‑дзіцца; незак.
Выглядаць грамадай, грамадзінай. Бягуць лясы, гаі, мяшаюцца палі, грамадзяцца горы, рассцілаюцца шырокія лугі. Колас.
грамадзі́цца, ‑дзі́цца; незак.
Збірацца ў грамаду, размяшчацца грамадой (у 1 знач.). Моладзь, што грамадзілася пры дзвярах на сцэну, хутка расселася. Гартны.