грама́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Што‑н. вельмі вялікае, масіўнае. Над прытоеным змрокам, над цёмнай грамадай лесу ўзнялася песня. Лынькоў. А паміж воблакаў-грамад І белай ад снягоў зямлёю — Закуты сцюжай вадаспад Застыў струною ледзяною. Танк. // Мноства чаго‑н., сабранага ў адным месцы. Грамада камяніц, раскінутых на вялікіх прасторах, вельмі прыгожа спускалася да даліны Свіслачы. Колас.
грамада́, ‑ы́, ДМ ‑дзе́, ж.
1. Група людзей, натоўп. [Настаўніца] гуляе ў лесе з вясёлай грамадой школьнікаў. Бядуля. Усёй сваёй невялічкай грамадой хлопцы пайшлі па вуліцы. Кулакоўскі. / Пра дрэвы, прадметы і пад. Я моўчкі вітаю дзень многагалосы, Дубоў грамаду, красу лугавую. Колас. // у знач. прысл. грамадой. Усе разам, гуртам. Падводамі прывозілі з горада тавар; грамадою хадзілі дзівіцца, аглядаць. Каваль.
2. Пазямельная абшчына ў Беларусі і на Украіне да Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама сход членаў гэтай абшчыны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)