гвалто́ўніцтва, ‑а, н.
Тое, што і гвалт (у 1, 2 знач.); здзекі, прымус. Змагаючыся супроць парушальнікаў свабоды сумлення, Каліноўскі скарыстоўвае факты гвалтоўніцтва пры ліквідацыі уніяцкай царквы для распальвання нянавісці да царызму, для таго, каб падняць сялян на рэвалюцыйную барацьбу. Лушчыцкі.
гвалто́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які суправаджаецца гвалтам, прымусам. У Заходняй Беларусі буржуазны ўрад Польшчы праводзіў гвалтоўнае апалячванне насельніцтва. // Выкліканы гвалтам, прымусам. Гвалтоўная смерць.
2. Раптоўны, нечаканы. Гвалтоўны агонь мінамётаў, быццам лапай, пакрыў .. лес. Брыль.
3. Парывісты, бурны. Гвалтоўны вецер.
гва́лціць, ‑лчу, ‑лціш, ‑лціць; незак., каго-што.
Разм. Тое, што і гвалтаваць (у 1, 2 знач.).
гва́лчанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гвалціць.
гвардзе́ец, ‑дзейца, м.
Ваенны, які служыць у гвардыі. Мужна біліся нашы гвардзейцы, але танкі [ворага] рваліся наперад. Гурскі. // перан.; чаго. Звычайна пра перадавіка вытворчасці. Радуюць самі людзі, якіх сёння па праву называюць гвардзейцамі пяцігодкі. «Звязда».
гвардзе́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гвардыі, да гвардзейца, належыць ім. Гвардзейскі полк. Гвардзейскі значок. // Такі, як у гвардзейца. Гвардзейская выпраўка.
•••
Гвардзейскі мінамёт гл. мінамёт.
гва́рдыя, ‑і, ж.
Лепшыя, адборныя часці войска. Марская гвардыя. / У воінскіх званнях. Гвардыі маёр. // перан. Лепшая, выпрабаваная частка якой‑н. сацыяльнай групы, грамадскай арганізацыі; мужныя, адданыя сваёй справе барацьбіты. Старая рабочая гвардыя. □ Камсамольская гвардыя нашых дзён узбагачае героіку яе папярэднікаў. «Маладосць».
•••
Белая гвардыя — агульная назва контррэвалюцыйных войск у перыяд грамадзянскай вайны ў СССР у 1918–1920 гг.
Савецкая гвардыя — часці і злучэнні Савецкіх Узброеных Сіл, якія асабліва вызначыліся ў баях у час Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.
Чырвоная гвардыя — узброеныя рабочыя атрады, якія былі арганізаваны ў 1917–1918 гг. для барацьбы з контррэвалюцыяй і белагвардзейшчынай і з’явіліся першапачатковым ядром Чырвонай Арміі.
[Іт. guardia.]
гваю́ла, ‑ы, ж.
Вечназялёны, вельмі галіністы каўчуканосны кустоўнік сямейства складанакветных з жоўтымі суквеццямі.
[Мексік.]
гвозд, гвазда, М ‑дзе, м.
Разм. Металічны або драўляны завостраны шпень для забівання ў што‑н., змацавання чаго‑н. з чым‑н. Павесіць шапку на гвозд. □ Над тапчаном сагнуліся Сцёпка і Раман — гоняць гвазды, цягаюць дратву. Чорны. Ёмкая перакладзіна, прыбітая гваздамі ўпоперак дзвярэй, вартуе.. хатку над балотцам. Колас.
геа...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: звязаны з Зямлёй, з навукай аб Зямлі, напрыклад: геасфера, геафізіка.