гваздзіко́вы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да гваздзіка, уласцівы яму. Гваздзіковы пах.
2. у знач. наз. гваздзіко́выя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якіх адносяцца гваздзік, куколь, макрыца і інш.
гваздзіко́вы 2, ‑ая, ‑ае.
Які здабываецца з гваздзікі. Гваздзіковае масла.
•••
Гваздзіковае дрэва гл. дрэва.
гва́знуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Абл. З сілай стукнуцца, ударыцца аб што‑н. Мікіта падскочыў на лаве і знячэўку штурхнуў плечуком Мікалая Мірлікійскага. Абраз з шумам гвазнуўся наперад аб стол, а потым аб лаву. Колас.
гва́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
Абл. З сілай стукнуць, ударыць каго‑, што‑н. Жалезным абручом здушыў .. [вораг] Гамыру, ускінуў на вышыню плячэй ды так гвазнуў аб зямлю, што ў Гамыры ўсё пацямнела ў вачах. Колас.
гвалт, ‑у, М ‑лце, м.
1. Прымяненне фізічнай сілы ў адносінах да каго‑н.; здзек. Выходзяць на бітву аршанцы, Суровы ідзе Магілёў, Каб помсціць фашысцкім паганцам За гвалты, за здзек і за кроў. Астрэйка.
2. Прымусовае ўздзеянне на каго‑н.; уціск. Паказваючы, напрыклад, урадніка, Ф. Багушэвіч падкрэслівае, што ён чыніць гвалт і прымус імем цара. Шкраба.
3. Крык, шум, лямант. Убачыўшы мядзведзіцу ў лесе ці на дарозе, людзі страшэнна палохаліся, узнімалі гвалт. В. Вольскі. Да сябе.. [Люба] не запрашала Ігнася. Ведала, як скрыва паглядзелі б бацькі і які гвалт узняўся б .. у хаце. Мурашка.
4. у знач. прысл. гва́лтам. Супраць волі, жадання; сілай. Мужчыны гвалтам пасадзілі.. [Грэт] у лодку. Маўр.
5. у знач. выкл. Разм. Кліч аб паратунку ў выпадку небяспекі. Ратуйце, гвалт!
•••
Хоць гвалт крычы гл. крычаць.
[Польск. gwalt з ням.]
гвалтава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гвалтаваць.
2. Тое, што і гвалт (у 1, 2 знач.).
гвалтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
1. Чыніць гвалт (у 1, 2 знач.); здзекавацца, прыгнятаць, няволіць. Нямецка-фашысцкія захопнікі, як толькі ўварваліся ў горад, адразу ж пачалі рабаваць, забіваць і гвалтаваць мірнае насельніцтва. «Беларусь».
2. Сілаю прымушаць жанчыну да палавога акта. Шмат чаго бачылі на сваім вяку старыя бярэзіны .. Бачылі, як п’яныя манахі гвалтавалі вясковую дзяўчыну, выкручвалі ёй рукі. Галавач.
3. Крычаць, шумець. — Алё! — гвалтаваў тэлефаніст каля апарата. Нікановіч. Навокал спяваюць, аж залягаюць, пеўні, кудахчуць куры, гвалтуюць вераб’і. Чорны.
гвалтаўні́к, ‑а, м.
Той, хто чыніць гвалт (у 1, 2 знач.); прыгнятальнік, мучыцель. Апошні з іх роду і быў пан Яшук, ды гэтакі ўжо вырадак, гвалтаўнік, што і свет не бачыў такога. Колас.
гвалто́ўна, прысл.
Супраць волі, жадання; сілай. Дзвіну не запыніш ніякай мяжой, Як з сэрца гвалтоўна не вырвеш кахання. Зарыцкі.
гвалто́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з дзейнасцю гвалтаўніка. Гвалтоўніцкія метады.