гафтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Рабіць узор на чым‑н. спецыяльным відам ажурнай вышыўкі. Гафтаваць плацце.
га́фтачка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Пятля з нітак, шнурка ці дроту для зашпільвання апліка.
га́хаць і га́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. З сілаю удараць, суправаджаючы ўдар выкрыкам «гах!». Узнімаючы цяжкі лом, .. [баец] гахкаў і з сілай апускаў яго ў мёрзлую зямлю, намерваючыся адвярнуць вялікую скібу. Дудо.
га́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Моцна ўдарыцца, стукнуцца аб што‑н. Гахнуцца аб падлогу.
га́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Аднакр. да гахаць. Нарэшце з усяе сілы мужчыны гахнулі яшчэ раз. І дзверы адчыніліся. Кавалёў. Наўмыснік гахнуў молатам па зубілу. Чорны.
га́цевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гаці.
гаці́ць, гачу, гаціш, гаціць; незак., што.
1. Рабіць гаць, пракладваць дарогу цераз балота ці гразкае месца. Балота аказалася такое пражорлівае, што сем год гацілі яго і пяском, і каменнем. Бажко.
2. Перакрываць, запруджваць ваду ў рацэ плацінай. Вось тады, калі стыхія вады крышыла грэблю, я парашыў канчаткова: стану інжынерам, буду гаціць рэкі, будаваць электрастанцыі, каб было людзям святло, а палям вада. Хомчанка.
3. перан. Траціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Палтаран.
•••
Хоць гаць гаці каго-чаго — вельмі многа, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Сяброў у Кузьміча — хоць гаць гаці! Корбан.
гаць, ‑і, ж.
1. Насціл з бярвення, галля, ламачча для праезду цераз балота ці гразкае месца. Падводная гаць з жэрдак і палак спружыніць пад нагамі. В. Вольскі.
2. Плаціна, якую ставяць, каб павысіць узровень вады ў рацэ; запруда. Расшумелася паводка, І прарвала рэчка гаць. Астрэйка. Яны ўдваіх, сынок і маці, З двара ідуць у бок ракі На зыбкі мосцік міма гаці, Дзе разрасліся хмызнякі. Колас.
•••
Хоць гаць гаці каго-чаго гл. гаціць.
га́шаны, ‑ая, ‑ае.
Заліты вадой; патушаны. Гашанае вуголле.
•••
Гашаная вапна гл. вапна.