ля́пісны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ляпісу.
ля́піс-лазу́рак, ‑рку, м.
Тое, што і лазурыт.
ляпі́цца, лепіцца; незак.
1. Быць пластычным, мець здольнасць прыляпляцца, прыклейвацца. Пластылін добра лепіцца. // перан. Разм. Прыставаць, вязацца, чапіцца. Кажуць, .. здарылася нейкая бяда, глядзі, да яе лепіцца ўжо новая. Дадзіёмаў.
2. Размяшчацца, цесна прымыкаючы да каго‑, чаго‑н., не пакідаючы свабоднага месца. Хлопцы-падлеткі, .. як кулікі, ляпіліся ля самай вады. Чарнышэвіч. Густа лепяцца паабапал вуліцы сялянскія хаты з такімі ж вузкімі і цеснымі, як і сама вуліца, дворыкамі. Колас.
3. Стварацца, рабіцца з пластычных матэрыялаў.
4. Зал. да ляпіць (у 1, 2 знач.).
ляпі́ць, ляплю, лепіш, лепіць; незак.
1. што і без дап. Ствараць, рабіць якія‑н. фігуры з пластычнага матэрыялу. Ляпіць бюст. Ляпіць цацкі з пластыліну. □ На дварах дзеці гулялі ў снежкі, ляпілі снежныя бабы. Кавалёў. // Будаваць, майстраваць, карыстаючыся якім‑н. ліпкім, вязкім матэрыялам. Хадзілі ў камбінезонах будаўнікі, падымалі насілкі з цэглай, ляпілі сцяну, паверх за паверхам. Грамовіч. // перан. Ствараць яркія сцэнічныя, літаратурныя вобразы, характары і пад. Што дала мне студыя? Яна ўзбагаціла мяне тэхнікай. Адкрыла законы нашай творчасці. Навучыла ствараць вобраз, ляпіць характар, любіць форму і валодаць ёю. Сяргейчык.
2. што. Разм. Прыклейваць, прылепліваць. Ляпіць аб’яву на сцяну. □ Ногі ўціскаліся ўсё глыбей, вада падступала да лытак, да каленяў, .. ляпіла штаніны да скуры. Мележ. // Размяшчаць адно за другім, не пакідаючы свабоднага месца. Ляпіць адну літару за другой.
3. З сілай ісці (пра мокры снег). Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною парою абрасталі трасы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. Снег ляпіў і ляпіў на шыбы, вокны сталі белыя, быццам знадворку іх завесілі прасціной... Хомчанка.
ля́пнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Аднакр. да ляпацца (у 1 знач.).
ля́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да ляпаць.
ляпны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да лепкі. Ляпная работа. // Зроблены з дапамогай лепкі; з вылепленымі ўпрыгожваннямі. Ляпныя арнаменты. Ляпны карніз.
ля́псус, ‑у, м.
Грубая, недарэчная памылка.
[Лац. lapsus — падзенне, няправільны крок.]
ля́рва, ‑ы, ж.
Разм. груб. Грубая, гультаяватая жанчына. Падскочыў злосна да Данілы. — Холера, з лярвы ты байструк! — Схапіў за чуб ды ў сцяну стук! Такі прыём быў у Гедвілы. Колас.