Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Энергічны, актыўны. Прыняць дзейны ўдзел. □ Быў .. [Шашура] чалавекам вельмі дзейным і вялікім выдумшчыкам. Мележ.

дзе́йснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дзейснага. Дзейснасць агітацыі. □ Важна дабіцца дзейснасці лекцый і як крыніцы ведаў і як сродку ідэалагічнага ўздзеяння. «Звязда».

дзе́йсны, ‑ая, ‑ае.

Здольны актыўна ўздзейнічаць на што‑н., эфектыўны. Дзейсныя меры. Дзейсная агітацыя. Дзейсныя сродкі барацьбы. □ — Мне думаецца, работа — самыя найлепшыя, самыя дзейсныя лекі ад усякай раны. Краўчанка.

дзекабры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Удзельнік рускага дваранскага рэвалюцыйнага руху, які выліўся 14 снежня 1825 г. ва ўзброенае паўстанне супроць самадзяржаўя і прыгоннага права.

дзекабры́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзекабрыста, дзекабрыстаў. Дзекабрысцкі рух.

дзе́канне, ‑я, н.

Вымаўленне афрыкаты «дзь» на месцы мяккага «д», уласцівае беларускай мове і некаторым дыялектам рускай мовы, напрыклад: дзень, ідзі, людзі; параўн. цеканне.

дзе́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Вымаўляць афрыкату «дзь» на месцы мяккага «д».

дзе́ла, ‑а, н.

Разм.

1. Тое, што і справа. Калі ўжо сонейка прыгрэла, Антось на полі кончыў дзела і выпраг коніка сівога, Свайго памочніка старога. Колас. Вялікі целам, ды малы дзелам. Прыказка.

2. Пра што‑н. карыснае, важнае. — Хамут ладзіш? Дзела. Не гаруй, хлопец, я меншы за цябе без бацькі застаўся, а вось жыву. Асіпенка. — А ён дзела кажа. Купляй тры пары, — весела параіла Клаўдзя. Савіцкі.

•••

Ісці ў дзела гл. ісці.

Пры дзеле — пры занятку, пры рабоце.

Пусціць у дзела гл. пусціць.

дзелаві́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дзелавітага. Камісар стараўся трымаць сябе з такім спакоем і дзелавітасцю, нібы ён сапраўды ўсё можа. Мележ. [Бонч-Бруевіч] ветліва спаткаў .. [Мяснікова], бо паважаў за дзелавітасць, востры розум і прынцыповасць. Гурскі.

дзелаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Старанны і ўмелы ў рабоце; дзелавы (у 2 знач.). Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. // Які выражае занятасць справай; сур’ёзны. Я стаяў збоку і любаваўся дзедам: яго маладым настроем, яго дзелавітай клапатлівасцю. Якімовіч. Аляксею падабалася простая, дзелавітая гутарка падпалкоўніка. Мележ.