Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзеепрыме́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзеепрыметніка. Дзеепрыметная форма. // Выражаны з дапамогай дзеепрыметніка. Дзеепрыметнае словазлучэнне.

дзеепрысло́ўе, ‑я, н.

Нязменная форма дзеяслова, якая спалучае ў сабе адзнакі дзеяслова і прыслоўя. Дзеепрыслоўе цяперашняга часу. Дзеепрыслоўе прошлага часу.

дзеепрысло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўная форма. // Выражаны з дапамогай дзеепрыслоўя. Дзеепрыслоўнае словазлучэнне.

дзе́жачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да дзежка; невялікая дзежка. Лазарыха наліла на патэльню з дзежачкі цеста і ўслухоўваецца ў сварку. Галавач. Зеленаватыя рыжыкі складаліся ў дзежачкі, гліняныя слоікі, саліліся. Васілевіч.

дзе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з прамых клёпак (для заквашвання цеста, салення і пад.). [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны. Шамякін. І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела І кідаў цеста ў скавародкі. Колас. [Дзед] зняў з вешалкі брызентавы плашч, у сенцах наліў з дзежкі ў біклажку квасу... Рылько.

дзе́йкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Гаварыць, пускаць пагалоскі, чуткі. — Ат, можа і няпраўда гэта зусім. Мала што дзейкаюць людзі. Зарэцкі.

дзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праца, занятак у якой‑н. галіне. Грамадская дзейнасць. Гаспадарчая дзейнасць. □ Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. Колас.

2. Сукупнасць дзеянняў, мерапрыемстваў якога‑н. прадпрыемства, установы, арганізацыі. З кожным годам актывізуецца дзейнасць бібліятэк. «Звязда». Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі.

3. Работа, функцыяніраванне якіх‑н. органаў, арганізма. Сардэчная дзейнасць. Дзейнасць кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга. // Дзеянне сіл прыроды. Разбуральная дзейнасць ветру.

дзе́йнік, ‑а, м.

Галоўны член сказа, граматычна не залежны ад іншых членаў, характарыстыка якога (дзеянне, стан, уласцівасць, якасць) даецца ў выказніку.

дзе́йнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзейніка. Даданы дзейнікавы сказ.

дзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць што‑н., займацца чым‑н. — Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць. — І Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску. Грахоўскі. Ажыўшы пасля раптоўнага ўдару, народ пачаў дзейнічаць. Шамякін. // Праяўляць сваю дзейнасць (у 2 знач.). Ад сваіх людзей Заслонаў ужо ведаў, што ў дэпо дзейнічае падпольная камсамольская група, і здагадваўся, хто яе ўзначальвае. Шчарбатаў. // Праводзіць ваенныя дзеянні, аперацыі. Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння і іншых брыгад і цяпер дзейнічае адна. Мележ. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Выступаць у якасці дзеючай асобы літаратурнага твора. З цягам часу маленькае апавяданне, у межах якога ўкладваецца які-небудзь адзін толькі тыповы эпізод і дзейнічае самая мінімальная колькасць герояў, не магло больш задаволіць аўтара. Майхровіч.

2. чым. Кіраваць, валодаць чым‑н. Не ўмела Любка дзейнічаць нажом, не было ў яе руках патрэбнага спрыту. Лынькоў. [Марына] прыгожа дзейнічала ракеткай на тэніснай пляцоўцы. Васілевіч.

3. на каго-што і без дап. Рабіць уплыў, уздзеянне; выклікаць якую‑н. рэакцыю ў адказ. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Бярозу стары не зразаў: ці то на яго дзейнічалі Максімавы ўгаворы, ці то проста адкладваў да іншага.. моманту. Даніленка.

4. Быць спраўным, працаваць, функцыяніраваць (пра механізмы, апараты, часткі цела і пад.). Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае. Маўр. Жыла Анюта ўдваіх з мужам брыгадным конюхам, інвалідам ад прыроды — у яго не дзейнічала правая рука. Хадкевіч.

5. Мець сілу, абавязваць рабіць пэўным чынам. Эканамічны закон размеркавання па працы дзейнічае ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. «Звязда». Тут, мабыць, дзейнічаў даўні вясковы звычай. Кулакоўскі.