Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзевяцісо́ты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да дзевяцьсот. Дзевяцісоты нумар. Дзевяцісотыя гады (ад 900 да 999 года кожнага тысячагоддзя).

дзе́вяць, ‑і, ліч. кольк.

Лік і лічба 9. Дзевяць падзяліць на тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 9. Дзевяць рублёў. □ У той хаце жыве дзевяць родных братоў Ярмаліцкіх. Чорны.

дзевяцьсо́т, дзевяцісот, дзевяцістам, дзевяццюстамі, (аб) дзевяцістах, ліч. кольк.

Лік і лічба 900. Дзевяцьсот падзяліць на дзевяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 900. Дзевяцьсот рублёў. Дзевяцьсот кіламетраў.

дзед 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Бацькаў або матчын бацька. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва.

2. Стары чалавек. Па раёну ходзіць слава, Што Анісім — мудры дзед. Панчанка.

3. Разм. Муж. Добра каша пры хлебе, добра баба пры дзедзе. Прыказка.

•••

Дзед Мароз — казачная істота, увасабленне марозу ў выглядзе дзеда з доўгай сівой барадой, у кажуху, зімовай шапцы, з кіем у руцэ. Вокны друкарні зусім замурованы дзівоснымі ўзорамі Дзеда Мароза. Брыль.

За дзедам-шведам — вельмі даўно.

Следам за дзедам гл. следам.

дзед 2,

гл. дзяды ​2.

дзед 3, ‑а, М ‑дзе, м.

Уст. Прыстасаванне, у якое ўтыкалася лучына для асвятлення хаты. Цьмяна гарэла лучына, уваткнутая ў дзеда — спецыяльна зробленую для гэтага прыладу. Чарнышэвіч. [Гаспадар] схадзіў у цёплую хату, вынес адтуль «дзеда» з лучынай, з запальніцы падпаліў. Лобан.

дзе́даў, ‑ава.

Які належыць дзеду ​1 (у 1, 2 знач.). Дзедава хата стаіць усімі вокнамі на возера, да сонца. Брыль.

дзе́даўскі і дзядо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дзеда ​1 (у 1, 2 знач.). Хата наша — яшчэ дзедаўская, малая і нізкая. Брыль. Першы раз .. пакідаю з прымусу Кут дзядоўскі, што казкамі здаўна пранік. Тарас.

2. Атрыманы ў спадчыну ад продкаў, уласцівы продкам; старадаўні; устарэлы. Дзедаўскі спосаб апрацоўкі зямлі. Дзедаўская тэхніка. Дзедаўскія звычкі.

дзе́даўшчына, ‑ы, ж.

Разм.

1. Спадчына пасля дзеда (пераважна зямельная).

2. Дзедаўскі, старадаўні спосаб, звычай. — А шум ужо даўно па раёне ідзе: пятроўцы назад пайшлі, на дзедаўшчыну павярнулі! Ракітны.

дзе́дзіч і дзе́дзіц, ‑а, м.

Гіст.

1. Наследнік дзедаўскага памесця, двара, маёнтка. Цяпер сын [пана] Крукоўскага прад’явіў свае прэтэнзіі. Дзед Хвядос так і сказаў: «прэтэнзіі». А калі ён дапасаваў гэтае хітрае слова да маладога дзедзіца, дык дабра не чакай. Бажко.

2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў; землеўладальнік. У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба. Караткевіч.

дзе́дка, ‑і, м.

Памянш.-ласк. да дзед ​1.

дзеепрыме́тнік, ‑а, м.

Форма дзеяслова, у якой сумяшчаюцца адзнакі дзеяслова (час, стан, трыванне) і прыметніка (змена па родах, скланенне). Дзеепрыметнікі залежнага стану. Дзеепрыметнікі незалежнага стану.