умыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго.
Спец. Выкрасці дзяўчыну з мэтай заключэння шлюбу. Было ясна — без шлюбу ў царкве Андрэй не згодзен аддаць Насці, і далейшая спрэчка ні да чаго не прывядзе. Разбіраючы гэту перашкоду, Кузьма сказаў Насці: — Застаецца адно: умыкнуць цябе. Колас.
умы́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад умыць.
умы́цца, умыюся, умыешся, умыецца; зак.
1. Памыць, вымыць сабе твар, рукі. Умыцца крынічнаю вадой. □ — Мы потым, — адказала Галя і тузанула сястру за руку. — Пайшлі хуценька ўмыемся. — І абедзве выскачылі праз сенцы на двор. Хадкевіч.
2. перан. Абмыцца, асвяжыцца дажджом, расой і пад. Сонца, умыйся расою На світальнай зары. Бялевіч.
•••
Умыцца кроўю — быць збітым.
Умыцца слязамі — заплакаць.
умы́ць, умыю, умыеш, умые; зак.
1. каго-што. Памыць, вымыць, апаласнуць каму‑н. твар, рукі, шыю. Умыць твар і прычасацца.
2. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.); перан. Памачыць, асвяжыць дажджом, расой. Ранак сонечны, умыты росамі. Пестрак.
•••
Умыць рукі — ухіліцца ад удзелу ў якой‑н. справе, зняць з сябе адказнасць за што‑н.
умярза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да умерзнуць.
умясі́ць, умяшу, умесіш, умесіць; зак., што.
1. Добра вымесіць, замясіць цеста.
2. Месячы, дабавіць чаго‑н. у якое‑н. месіва. Умясіць разынкі ў цеста.
умясці́цца, умяшчуся, умесцішся, умесціцца; зак.
1. Поўнасцю змясціцца ў чым‑н., дзе‑н. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні. Асіпенка. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць: каб умясціцца ў вузенькім радку і, барані божа, не заскочыць якой-небудзь рыскай за блакітнае поле. Скрыган. Падышоў тралейбус, і чарга ўмясцілася ў яго. Сабаленка. // перан. Заняць, запоўніць сабой што‑н. Усё, што здарылася за адзін дзень, не магло ўмясціцца ў галаве [Шылянка]. Кавалёў.
2. Размясціцца на якім‑н. месцы. Міхась паслухмяна саслізнуў з лаўкі і ўмясціўся побач з рыжым хлопчыкам. «Вожык». Глыбока ўздыхнуўшы, Чарнавус лепш умясціўся на лаўцы, паставіў на калені локці і апусціў на далоні сваю жорсткую бараду. Кулакоўскі.
умясці́ць, умяшчу, умесціш, умесціць; зак., каго-што.
1. Змясціць у сабе; ахапіць сабою. Дом культуры далёка не мог умясціць усіх жадаючых пабачыць народнага паэта [Я. Купалу]. Хведаровіч. Яна была невялікая, гэтая сталоўка.. Пабеленыя на скорую руку сцены, здавалася, не змогуць умясціць усіх дзяцей. Нядзведскі. / у перан. ужыв. І ўмясціў ён [музыка] у сэрцы Усё ад зямлі да нябёс, Пушчы, рэкі, ад смерці У сэрцы схаваўшы, панёс. Куляшоў.
2. Поўнасцю, цалкам змясціць унутр чаго‑н. Умясціць усе кнігі ў адну шафу. Умясціць увесь груз на адну платформу. □ — На адну скавараду хопіць, — заўважыла маці. — Ды і ў дзве не ўмесціш. Кулакоўскі. // перан. Уключыць поўнасцю ў межы чаго‑н. — Выйдзе [газета], выйдзе, — упэўнена сказаў Уласюк, — ужо і матэрыялу сабрана столькі, што і ў нумар не ўмесціш. Колас. // Размясціць каго‑, што‑н. дзе‑н. У лазеньку ўмясцілі Тацяну Турботную і замкнулі на замок там, дзе падацца. Гарэцкі. У зацененым кутку пакоя можна столік для тэлевізара ўмясціць. Даніленка.
3. перан. Разм. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. Усе гаварылі, што Сурвіла мяркуе ўмясціць свайго сына прыставу ў пісары. Чорны.
умята́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да умятаць.
умята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да умесці.