умясці́ць, умяшчу, умесціш, умесціць; зак., каго-што.
1. Змясціць у сабе; ахапіць сабою. Дом культуры далёка не мог умясціць усіх жадаючых пабачыць народнага паэта [Я. Купалу]. Хведаровіч. Яна была невялікая, гэтая сталоўка.. Пабеленыя на скорую руку сцены, здавалася, не змогуць умясціць усіх дзяцей. Нядзведскі. / у перан. ужыв. І ўмясціў ён [музыка] у сэрцы Усё ад зямлі да нябёс, Пушчы, рэкі, ад смерці У сэрцы схаваўшы, панёс. Куляшоў.
2. Поўнасцю, цалкам змясціць унутр чаго‑н. Умясціць усе кнігі ў адну шафу. Умясціць увесь груз на адну платформу. □ — На адну скавараду хопіць, — заўважыла маці. — Ды і ў дзве не ўмесціш. Кулакоўскі. // перан. Уключыць поўнасцю ў межы чаго‑н. — Выйдзе [газета], выйдзе, — упэўнена сказаў Уласюк, — ужо і матэрыялу сабрана столькі, што і ў нумар не ўмесціш. Колас. // Размясціць каго‑, што‑н. дзе‑н. У лазеньку ўмясцілі Тацяну Турботную і замкнулі на замок там, дзе падацца. Гарэцкі. У зацененым кутку пакоя можна столік для тэлевізара ўмясціць. Даніленка.
3. перан. Разм. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. Усе гаварылі, што Сурвіла мяркуе ўмясціць свайго сына прыставу ў пісары. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)