разрэ́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разрэдзіць.
2. у знач. прым. Не вельмі часты, не густы. Разрэджаныя пасевы.
3. у знач. прым. Не вельмі шчыльны, не насычаны. Разрэджаны газ. Разрэджанае паветра. // Разбаўлены, размешаны вадой. На плюшнік, на круглыя лісты лотаці пырскаюць разрэджаны торф і жоўтая ржа. Кулакоўскі.
разрэ́джвальнік, ‑а, м.
Спец. Вадкасць для разрэджвання розных фарбавальных рэчываў (лакаў, фарбаў і пад.).
разрэ́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разрэджваць — разрэдзіць.
разрэ́джвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разрэдзіцца.
2. Зал. да разрэджваць.
разрэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разрэдзіць.
разрэ́дзіцца, ‑дзіцца; зак.
Стаць менш густым, шчыльным. Увесь той дзень імжэў дождж і перастаў, як зусім змерклася. Разрэдзіліся хмары, і дзе-нідзе бліснулі зоры. Галавач. Калі цяпер выйдзе хоць невялічкая затрымка, то разрэдзіцца змрок і немцы могуць заўважыць пластуноў на прагаліне. Кулакоўскі.
разрэ́дзіць, ‑рэджу, ‑рэдзіш, ‑рэдзіць; зак., што.
1. Зрабіць радзейшым, не такім частым, аддзяліўшы прамежкамі адзін ад другога. Разрэдзіць пасевы.
2. Зрабіць меней шчыльным, меней густым. У гэты час узышоў толькі што месяц і ледзь-ледзь разрэдзіў цемру. Галавач.
3. Разбавіць, размяшаць вадой. Разрэдзіць раствор.
разрэ́з, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разразаць — разрэзаць.
2. Разрэзанае месца, прарэзаная адтуліна ў чым‑н. Пасля прасушкі ніткі здымаюцца і ў верхняй частцы вудзільна вострым нажом робіцца невялікі падоўжны разрэз, у якім будзе замацоўвацца лёска. Матрунёнак. З разрэзу фалдаў форменнага сурдута [настаўніка] тырчаў насавічок. Караткевіч. Асцярожна і хутка сцягвала [Марыя Хведараўна] ніткай разрэз скуры. Марціновіч.
3. Плоскасць сапраўднага або ўяўнага сячэння якога‑н. прадмета. Папярочны разрэз. □ У мурах і вежах зроблены байніцы. У разрэзе яны складаюцца з некалькіх аддзяленняў, якія паступова змяншаюцца. Ліс.
4. Спец. Месца, дзе праводзіцца здабыча карысных выкапняў адкрытым спосабам; адкрытая горная вырабатка. Вугальны разрэз.
•••
У разрэзе чаго — з пункту гледжання чаго‑н.
разрэ́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разрэзаць.
разрэ́зацца, ‑рэжацца; зак.
Аказацца разрэзаным, раздзеленым чым‑н. на часткі.