Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ля́лечнік, ‑а, м.

1. Майстар, які робіць лялькі.

2. Разм. Акцёр або рэжысёр лялечнага тэатра.

ля́лечніца, ‑ы, ж.

Жан. да лялечнік (у 1 знач.).

ля́лечны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лялькі. // У якім дзейнічаюць лялькі. Лялечны тэатр.

2. перан. Маленькі, менш звычайнага памеру. Наташа спачатку пачула гудок, потым ужо ўбачыла белы лялечны параход. Асіпенка.

ля́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Дзіцячая цацка ў выглядзе фігуркі чалавека. Гуляць у лялькі. □ Дзеці бегалі, крычалі, складалі з кубікаў розныя хітрыя і няхітрыя пабудовы, вазілі ў аўтамабілях лялек. Якімовіч. Як маленькую сяброўку, Ляльку любіць Каця: То расчэша ёй галоўку, То памые плацце. А. Александровіч. // Макет фігуры чалавека ці жывёлы для тэатральных прадстаўленняў, ігрышч і пад. Тэатр лялек.

2. Разм. Пра каго‑, што‑н. вельмі прыгожае, прывабнае па свайму знешняму выгляду. Шалёўка .. ўсюды, пафарбаваныя дзверы, вокны, аканіцы — лялька, а не хата стаіць... Васілевіч. Праз тыдзень Кабінет прасторны Лялькай стаў. Корбан.

•••

Як лялька — прыгожы, зграбны, прывабны. [Сабастыяніха:] — Дзяўчына, як лялька, адно паглядзець на яе. Чорны. Дамок быў трэці ад ракі з правага боку, абшаляваны і пафарбаваны. Як лялька дамок. Лобан.

ляля́к, леляка, м.

Тое, што і казадой.

ля́мант, ‑у, М ‑нце, м.

Адчайны, немы крык як праяўленне жаху, як кліч на дапамогу. Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве. Апамятаўся я і нарабіў ляманту. Пальчэўскі. Касцы на лузе ўзнялі лямант. Язэп .. кінуўся на дапамогу. Нырнуў раз — не знайшоў малога. Ваданосаў. // Моцны працяглы плач, крык, брэх. А можа толькі так здалося? О, не! Не плач, а лямант, енк. Чыё там сэрца так галосіць? Так чалавек не плакаў век. Пушча. Праляталі нізка альбатросы, Узнімалі чайкі лямант дзікі. Звонак. [Сабачка] чуў нас за кіламетр і узнімаў такі лямант, што мы не ведалі, куды дзявацца. Шамякін.

лямантава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лямантаваць.

лямантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Моцна і працягла крычаць. — Ура, Таня! Ура! — лямантавалі дзяўчынкі, бегаючы па беразе. Скрыпка. — Лаві, лаві яго [зайца]! — лямантавалі хлопчыкі. Рылько. /Пра жывёл, птушак. Раз’юшаны сабака лямантаваў на падворку. Арочка.

2. Галасіць па кім‑н., над кім‑н.; моцна плакаць. Уся ў слязах, маці білася галавою аб падушку і лямантавала, як па нябожчыку. Карпаў. Бацька мой — у слёзы, крычаць гвалту, выбег на вуліцу, лямантуе. Гарэцкі.

ля́мачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лямкі.

лямбліёз, ‑у, м.

Захворванне органаў стрававання чалавека, якое выклікаецца лямбліямі.