джэнтльме́нскі ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да джэнтльмена; уласцівы джэнтльмену. Джэнтльменскія паводзіны. Джэнтльменскія манеры.
•••
Джэнтльменскае пагадненне гл. пагадненне.
джэнтльме́нства, ‑а, н.
Паводзіны джэнтльмена; карэктнасць, элегантнасць.
джэ́рсі, нескл., н.
Шарсцяная або шаўковая вязаная тканіна, а таксама адзенне з такой тканіны.
[Англ. jersey.]
джэрсо́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Зроблены з джэрсі. Джэрсовы касцюм.
дзве́рцы, ‑аў; адз. няма.
1. Памянш. да дзверы; невялікія дзверы. Настаўнік.. рашуча адкінуў клямку на дзверцах веспічак. Колас. [Рыгор і Сцяпан Раманавіч] ішлі па ярка асветленым калідоры, з двух бакоў якога былі дзверы і дзверцы. Арабей.
2. Створка, створкі, якімі закрываюць якую‑н. адтуліну. Пячныя дзверцы. Дзверцы топкі. □ [Ціхан] кінуў руль, адчыніў дзверцы і выскачыў з машыны, не паспеўшы заглушыць матор. Дуброўскі. У пячурцы трашчыць, палаючы, яловая лучына. Іскры прабіваюцца праз шчыліны у дзверцах, вылятаюць на хату. Галавач.
дзве́ры, дзвярэй, Т дзвярамі і дзвярмі; адз. няма.
Праём у сцяне памяшкання для ўваходу і выхаду, а таксама створ, якім закрываюць гэты праём. Прарэзаць дзверы. Знадворныя дзверы. Начапіць дзверы на завесы. Зачыніць дзверы. □ Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. Пніцкі стаяў ужо па самым выхадзе, у дзвярах. Чорны.
•••
Глухія дзверы — дзверы, зробленыя для формы, а не для карыстання.
Царскія дзверы — сярэднія дзверы ў царкоўным іканастасе.
Дзверы адчынены перад кім, для каго — мае свабодны доступ куды‑н.
Дзверы зачынены перад кім, для каго — не мае доступу куды‑н.
Дзверы не зачыняюцца (не стыкаюцца) — пра бесперапыннае хаджэнне то ў хату, то з хаты.
Дзверы ў дзверы — адзін насупраць другога (жыць, размяшчацца і пад.).
Дзень адкрытых дзвярэй гл. дзень.
Ламацца ў адчыненыя дзверы гл. ламацца.
Паказаць на дзверы каму гл. паказаць.
Пры зачыненых дзвярах — у прысутнасці толькі зацікаўленых службовых асоб.
Стукацца ў дзверы гл. стукацца.
дзверына́, ‑ы, ж.
Абл. Створка дзвярэй. Марыля ля зямлянкі завіхаецца. Прыцягнула дзверыну, ладзіць. Савіцкі. [Яська] доўга абмацваў дзверыну, пакуль знайшоў на ёй клямку. Лось.
дзве́сце, двухсот, двумстам, двумастамі, (аб) двухстах, ліч. кольк.
Лік і лічба 200. Дзвесце дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 200. Дзвесце чалавек. □ На ўсе Мікуцічы было не болей трох лодак, хоць у сяле налічвалася каля двухсот двароў. Колас. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.
дзвы́нканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дзвынкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Дзвынканне шклянкі. Дзвынканне пчол.