Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

джа́ла, ‑а, н.

1. Колючая частка органа самаабароны і нападу некаторых насякомых (пчол, вос, шэршняў і інш.), якая знаходзіцца на канцы брушка. Хто іх на свеце не знае, шэршняў тых, з джалам вялікім, а з выгляду жоўтых. Дубоўка. // Колюча-смокчучы хабаток некаторых насякомых (мухі, камара, авадня і інш.). Адчуўшы ранішні прыпек і джала авадня, Конь стаў пад голлем у цянёк. Бялевіч.

2. Доўгі, раздвоены на канцы язык ядавітай змяі. Летам.. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала і высоўвала джала, то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка.

3. Вастрыё колючага ці рэжучага інструмента, прылады. І вострае джала разца гоніць спружыністыя стружкі. Гартны.

4. перан. Пра абвостранае пачуццё, успрыманне. Перад.. вачамі [Ніны] успыхнулі вогненныя вострыя іскры, што пранізалі галаву безліччу пякучых джал. Мележ. // чаго. Пра што‑н. вострае, едкае. Джала сатыры.

джа́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.

1. Раніць, упівацца джалам (у 1, 2 знач.). На кожным кроку джаляць камары. В. Вольскі. // Калоць, раніць (пра што‑н. вострае, калючае). Ды тут басанож у спякоту Не пройдзе хлапчук каля плоту: Гадзюкамі джаляць Абрыўкі калючага дроту. Маляўка.

2. перан. Шкодзіць злосна, спадцішка. Тут толькі ўявіў сабе [Міхась], што перад ім паўзучы гад, што смяротна джаліць з укрыцця пад маскай аднадумца. Машара. // Глыбока хваляваць, трывожыць (пра пачуцці). Горкая самотнасць джаліла мяне, і такое ж горкае шкадаванне напаўняла маё сэрца. Марціновіч.

джаната́н, ‑у, м.

1. Сорт зімовай яблыні паўночна-амерыканскага паходжання.

2. Плод гэтай яблыні — яблык чырванаватага або чырвонага колеру.

джга́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. джгаць.

джгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Тое, што і джгнуць. Балюча джгануў шэршань. Джгануць крапівой. Джгануць у лес.

джгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Калоць, раніць джалам (пра насякомых); кусаць (пра змей). Толькі зрэдку чулася, як, ляскаючы зубамі, .. [сабака] лавіў мух, што дакучліва джгалі яго калматае цела. Стаховіч. // Апякаць (пра крапіву, мароз).

2. Хутка ісці, бегчы; імчацца. Джгаць без аглядкі. □ Схапіўшы грошы, .. [Мацвей] на адной назе джгаў у канец сяла.., купляў кварту гарэлкі і цераз тую ж хвіліну ставіў хлопцам на стол. Лобан.

джгнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да джгаць.

джо́кер, ‑а, м.

У некаторых картачных гульнях — дадатковая карта ў калодзе, якая можа замяніць любую іншую карту.

[Англ. joker.]

джо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Лёгкае кітайскае паруснае судна.

джоўль, ‑я, м.

Адзінка вымярэння работы, энергіі, а таксама колькасці цеплыні.

[Ад уласн. імя.]