Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

транспаля́рны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны са зносінамі цераз палярную вобласць. Транспалярная траса.

транспанава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. транспанаваць.

транспанава́цца, ‑нуецца; незак.

Зал. да транспанаваць.

транспанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., што.

Спец.

1. Перакласці (перакладаць) які‑н. музычны твор з адной танальнасці ў іншую. Транспанаваць раманс.

2. Перанесці (пераносіць) што‑н. (ідэю, вобраз, тэрміналогію і пад.) з аднаго жанру ў іншы, з адной навукі ў іншую, адпаведна змяняючы, прыстасоўваючы.

транспаніро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. транспанаваць.

[Ад лац. transponere — перастаўляць.]

транспара́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Ліст з чорнымі лініямі, які падкладваецца пад нелінеены ліст паперы, каб пры пісьме былі роўныя радкі.

2. Нацягнутая на раму тканіна або папера з якім‑н. тэкстам ці малюнкам. Масква рыхтуецца да свята. Вясёлы гоман галасоў, Разгорнутыя транспаранты, Гірлянды залатых агнёў... Танк. Сягоння я клічнікам стаць гатовы на транспаранце: «Хай жыве мір ва ўсім свеце!» Барадулін.

[Фр. transparent.]

транспара́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да транспаранта; прызначаны для транспаранта. Транспарантны надпіс.

тра́нспарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Галіна народнай гаспадаркі, звязаная з перавозкай людзей і грузаў, а таксама сродкі для такой перавозкі. Чыгуначны транспарт. Аўтамабільны транспарт. Гарадскі транспарт.

2. Перавозка чаго‑н. Транспарт нафты хімічным заводам. // Кніжн. Дастаўка чаго‑н. чым‑н. Транспарт газаў кроўю.

3. Партыя атрыманых або прызначаных для перавозкі грузаў. Транспарт з літаратурай паспяхова дайшоў да прызначанага месца.

4. Абоз або сукупнасць якіх‑н. сродкаў для перавозкі спецыяльнага прызначэння. Санітарны транспарт. Артылерыйскі транспарт.

5. Судна ваеннага флоту для перавозкі грузаў і людзей. Мінны транспарт. Дэсантны транспарт.

•••

Гужавы транспарт — від транспарту, у якім цяглавай сілай з’яўляецца жывёла (коні, валы, вярблюды і пад.).

[Ад лац. transportare — пераносіць, перавозіць.]

транспарта́бельнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць транспартабельнага. Добрая транспартабельнасць бульбы.

транспарта́бельны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які можа быць транспартаваны; прыгодны, прыдатны для транспартавання. Транспартабельныя гатункі яблыкаў. Транспартабельны хворы.

[Фр. transportable.]