Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рох, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння характэрных гукаў свіней.

ро́хканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рохкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. З гультайскім рохканнем .. [свінні] паволі чухаліся аб шэрае дзерава. Чорны. Не чуваць нідзе не толькі чалавечага голасу, але нават голасу пеўня ці рохкання свінні за плотам. Пестрак.

ро́хкаць, ‑ае; зак.

Утвараць гукі «рох-рох» (пра свіней). — Вось там, на бульбянішчы, здаецца, нешта рохкала, — паказваў Аляксей на поле, — але я і падумаць не мог, што гэта ваш падсвінак. Пальчэўскі. Свіння рохкае, есці просіць. Васілевіч.

ро́хкнуць, ‑не; зак.

Аднакр. да рохкаць.

ро́хнуць, ‑не; зак.

Тое, што і рохкнуць.

ро́цік, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да рот; маленькі рот.

ро́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад расціць.

ро́шчына, ‑ы, ж.

1. Негустое цеста на дражджах або з закваскай, якое пасля замешваюць. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны. Шамякін.

2. Цэментны, будаўнічы раствор. Машына за машынай ідуць грузавікі з цэглай, рошчынай, бэлькамі. Гарбук. Пасля работы, нават не памыўшы заляпанага рошчынай твару, ён пабег ва ўпраўленне трэста. Асіпенка. Кладка скрозь вельмі трывалая, з тонкімі швамі вапнавай рошчыны і роўнай апрацоўкай паверхні. Ліс.