ладнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Даволі вялікі, значны. Ладнаваты кавалак поля. □ Канчаецца паляна — трапляецца пад ногі ладнаваты бярэзнік, куп’ё. Пташнікаў.
ла́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Немалы, значны, досыць вялікі. Сімон завярнуў у завулак, зрабіўшы ладны крук. Самуйлёнак. [Гаспадыня] паставіла на стол ладны чыгунок гарачай бульбы і гліняную міску кіслага малака. Грахоўскі. // Вялікі па колькасці. За бацькавым сталом збіралася ладная сямейка, ажно адзінаццаць душ. С. Александровіч.
2. Зграбны, стройны, прыгожы. Шарсцяная армейская гімнасцёрка і брыджы .. добра аблягалі ладную постаць. Мележ. У пакой увайшоў старшыня сельсавета Іван Сямёнавіч Андруш, высокі, ладны мужчына з цёмнымі вачамі. В. Вольскі.
3. Зусім здавальняючы, добры; спраўны. Сапраўды, хата ладная, чыстая, прыбраная, усё вакол дагледжана. В. Вольскі. — Мы работы не баімся, абы харч ладны, — асцярожна ўставіў [слова] нізкарослы чарнявы лейтэнант Гусараў. Алешка. У войта і ў Вруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас.
4. Дружны, зладжаны. З барханаў Турксіба, З Каўказскіх вышынь, З палёў ільняной Беларусі Цякуць эшалоны сырцу і машын У цёплым і ладным хаўрусе. Лявонны.
ладу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Уст.
1. Род патранташа ў кавалерыстаў, якім карысталіся да першай сусветнай вайны. // Сумка для пораху, шроту ў паляўнічых.
2. Набой для стрэльбы; трубачка ў форме гільзы з порахам і шротам для аднаго зараду. Надзеў [дзед Талаш] праз плячо паляўнічую .. торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам. Колас.
[Ад польск. ładunek — зарад.]
лаж, ‑у, м.
Спец. Павышэнне рыначнага курсу грашовых знакаў, каштоўных папер і вэксаляў у параўнанні з іх намінальнай вартасцю; розніца, якая бярэцца пры размене адной манеты на другую.
[Ад іт. laggio.]
лажы́цца, лажуся, лажышся, лажыцца.
Незак. да легчы (у 1, 2, 4, 6 і 9 знач.).
лажы́ць, лажу, ложыш, ложыць; незак., каго-што.
Разм. Тое, што і класці (у 1, 2, 8 і 9 знач.).
лажэ́чнік, ‑а, м.
Абл. Планка з выразамі, у якія ўстаўляюцца лыжкі, нажы, відэльцы. Варанецкі стаяў і аглядаў небагаты [хатні] скарб.. За сталом дзве лавы — адна ад покуця ў адзін бок, другая — у другі. Зэдлік ля печы, на сцяне ў парозе драўляны лажэчнік. Дуброўскі.
лаз 1,
гл. лазы.
лаз 2, ‑а, м.
1. Невялікая адтуліна, шчыліна, праз якую можна прайсці, пранікнуць куды‑н. Зрабіць лаз у плоце. □ Волька адхінула кол, з асцярогай прасунулася ў лаз, і ўся вуліца — вось яна, перад вачыма, аж у самы канец. Марціновіч. Пад новую сцяну [дзед Андрэй] зрабіў лаз, на які лажылі вечка і засыпалі мятай, саломай і розным смеццем. Федасеенка.
2. Спец. Адтуліна ў сценцы апарата, машыны, катла і пад. для пранікнення ўнутр з мэтай агляду, рамонту, запраўкі.
лаза́, ‑ы; мн. лозы, лоз і лозаў; ж.
1. Кусты некаторых парод вярбы, вінаграду. Вінаградная лаза. □ Астраўкі параслі кучаравай лазой і здалёк нагадвалі копы сена. Шашкоў.
2. Галлё вінаграду, вярбовых кустоў; матэрыял з лазовай драўніны ці кары. Вязаць лазою венікі. □ Дзеці, падлеткі неслі пучкі лазы, вербалозніку. Бялевіч. Сярод пастушкоў ваколіцы мае складаныя ножыкі карысталіся вялікай славай.. За гэтыя ножыкі пастухі вучылі мяне плесці кашы з лазы, лапці. Бядуля. // толькі адз. Дубец як прадмет пакарання; розга. А чарвячок грызе сумленне — Прадвеснік лазні і лазы. Колас.
•••
Даць лазы гл. даць.