Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

го́нкі, ‑ая, ‑ае.

1. Хуткі, імклівы ў руху. Праз.. лазнякі прасвечвала гонкая плынь ракі. Савіцкі. Вясна з шырокіх даляў Прыслала гонкія вятры. Кляўко. // Які мае лёгкі ход; шпаркі. Гонкія чаўны. □ Паляцела дзяўчына Самалётам гонкім Над шчаслівай краінай, Над роднай старонкай. Купала.

2. Высокі, роўны, выносісты. Гонкія маладыя сосны, як на парадзе, адна ў адну, імчацца насустрач цягніку, ледзь-ледзь гойдаюцца ў верхавінні і знікаюць. Галавач.

го́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж., зб.

Дахавы матэрыял у форме невялікіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам — з другога. [Суседзі] адзін за другім новыя хаты ставілі. І пад гонтай, і пад шыферам. Васілевіч.

[Польск. gont.]

го́нтавы, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для вырабу гонты. Гонтавы матэрыял. // Зроблены з гонты. Гонтавы дах.

го́нціна, ‑ы, ж.

Разм. Адна дошчачка гонты. Змайстраваў сабе [Янка-музыка] скрыпку з гонціны, начапіў драцяныя струны. Брыль.

го́нчы, ‑ая, ‑ае.

Шпаркі ў бегу, прывучаны гнаць звера (пра пароду паляўнічых сабак). Гончы сабака. / у знач. наз. го́нчы, ‑ага, м. І пайшлі аднойчы мы На высокі груд З выжламі і гончымі — Паглядзець на цуд. Глебка.

го́ншчык, ‑а, м.

Удзельнік спартыўных гонак. Гоншчыкі спартыўнага таварыства.

го́ншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да гоншчык.

гоп, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў гопнуць, гопнуцца і гоцаць, гопацца. Конік з горкі як пабег, Бабка з санак гоп у снег! Колас.

•••

Не кажы гоп, пакуль не пераскочылі гл. казаць.

го́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Падскокваць, з шумам апускацца і падымацца. Гопацца ў сядле.

го́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Шумна скакаць, падскокваць. Спутаныя.. коні цяжка гопалі па аўсе, на хаду хапаючы замашныя мяцёлкі. Васілевіч.

2. З шумам падаць, удараючыся аб што‑н. Сам сабою абломваўся [струхнелы] сук і гопаў у мяккую траву. Гартны.