умаро́жвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да умарожваць.
умаро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да умарозіць.
умаро́зіць, ‑рожу, ‑розіш, ‑розіць; зак., што.
Змясціць што‑н. у вадкасць, якая замярзае, і даць там умацавацца пад дзеяннем марозу.
умары́ць, умару, уморыш, уморыць; зак., каго.
Разм.
1. Давесці да смерці. [Рыгор:] — Цяпер .. [Грамадой] гэту Марыську знарок уморыць, каб хутчэй усё падгрэбці. Крапіва.
2. Замарыць, знясіліць. Умарыць каня.
умасці́цца, умашчуся, умосцішся, умосціцца; зак.
1. Разм. Зручна размясціцца. Два грузчыкі .. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварам супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Кругом сядзелі, ляжалі, хто дзе ўмасціўся. Лобан. Каля .. [Бабіцкай і Аксені] ўмасцілася кошка, мурлыкаючы сваю песеньку. Гурскі.
2. Абл. Уладкавацца дзе‑н. [Пракоп] кінуўся ў раён і ўмасціўся там за наглядчыка на рынку. Вітка.
умасці́ць, умашчу, умосціш, умосціць; зак.
1. што. Разм. Вымасціць паверхню чаго‑н. (каменем, дрэвам і пад.). У парыжскі брук умошчаны акрываўленыя камяні Бастыліі. Рамановіч.
2. што. Разм. Змясціць што‑н. на невялікім месцы. Умасціць усе рэчы на воз. □ [Блішчыха:] — Можа павячэраеце з дарогі... — І ля місы з агуркамі ўмасціла цёмную пляшку. Кухараў. Падушкі, хоць і непатрэбна было іх столькі, умасціў [Аўсянік] усе чатыры. Васілевіч.
3. перан.; каго. Абл. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. [Скуратовіч] узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані пакаёўкай. Чорны.
умата́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад уматаць.
умата́цца, ‑аецца; зак.
1. Разм. Укруціцца, ублытацца ў што‑н. Уматаўся канец вяроўкі ў кола.
2. Намотваючыся, змясціцца. Усе ніткі ўматаліся ў адзін клубок.
умата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Абматаць, апавіць што‑н. некалькі разоў. Уматаць пакунак шпагатам. Уматаць воз вяроўкамі.
2. Матаючы ніткі ў клубок, заматаць унутр што‑н. пабочнае. Уматаць напарстак у клубок.
3. Намотваючы, змясціць у чым‑н., на чым‑н. Вялікага матка ў адзін клубок не ўматаць.
умаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да умовіцца.