уляпі́ць, уляплю, улепіш, улепіць; зак.
1. што. Уставіць, урабіць што‑н. пры дапамозе лепкі. Уляпіць мазаіку ў сцяну.
2. што, каму. Разм. Моцна ўдарыць, выцяць. Злаўчыўшыся, .. [Каржаневіч] так уляпіў у вуха Вергнеру, што той ледзь устояў на нагах. Гурскі. // Збіць каго‑н. [Пятрусь:] — Калі аконам з парабкамі памкнуліся заняць хлеў, дык яму так уляпілі хлопцы, што той ледзьве ўцёк. Гартны.
3. што, каму. Разм. Ужываецца замест дзеясловаў даць, паставіць і пад. пры ўзмацненні або нечаканасці дзеяння. Уляпіць вымову. Уляпіць вучню двойку. □ [Бялькевіч:] — Ну, вінаватыя. Але ж гэтакі штраф уляпіць — дзесяць працадзён! Мнагавата! Савіцкі.
4. што. Разм. Патраціць на што‑н. «Ой, якая раскоша! Усяго накупілі. Ой, шалёныя ж грошы за ўсё гэта ўляпілі!..» Бялевіч.
улята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да уляцець.
уляце́ць, улячу, уляціш, уляціць; зак.
1. З лёту, на ляту пранікнуць, трапіць куды‑н.; заляцець унутр чаго‑н. Уляцела ластаўка ў сенцы. □ Ужо на другі дзень, калі раздавалі вячэру, у камеру Максіма ўляцеў муштук ад папяросы. Машара. У гэты момант у акон уляцела граната. Сяржант спрытна схапіў яе і кінуў назад немцам. Прокша.
2. Разм. Вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Адчыніліся дзверы і ў хату не ўбегла, а ўляцела перапалоханая маці. Сачанка. Машына віхрам уляцела на калгасны двор і спынілася як укопаная. Шахавец. Калі поезд уляцеў у лес і ценем пакрыла акно, .. [спадарожнікі] абодва надоўга сціхлі. Пестрак.
3. Разм. Упасці, уваліцца ў што‑н. Уляцець у яму. Уляцець у гразь.
4. безас. каму. Разм. Папасці (за якую‑н. правіннасць). — Будзе мне за вас [хлопцаў], уляціць! — заенчыў салдат. Рамановіч. Па тым, як моцна, бразнулі дзверы і зазвінела ў сенцах вядро, Геня зразумеў, што яму ўляціць ад маці за такога сябра. Пташнікаў. // Трапіць у непрыемнае становішча. Вось спатканне, дык спатканне! У бяду ўляціш якраз. Колас.
•••
Уляцець у капейку (капеечку) — тое, што і абысціся ў капейку (капеечку) (гл. абысціся).
ума́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад умазаць.
ума́зацца, умажуся, умажашся, умажацца; зак.
Запэцкацца, забрудзіцца, вымазацца ў што‑н., чым‑н. Умазалася вопратка ў дзёгаць.
ума́заць, умажу, умажаш, умажа; зак., што.
1. Запэцкаць, забрудзіць. Умазаць лоб у сажу. □ [Сашка] вунь ужо ўюном палез паміж машын і пад машыны. І ўмажа што-небудзь, абавязкова ўмажа, не вопратку, дык рукі. «Беларусь». Боганчык стаў церці рукамі вочы — згледзеў, што чорныя пальцы: умазаў, калі бег праз гарэлы сасоннік. Пташнікаў.
2. Замацаваць што‑н. устаўленае растворам гліны, цэменту. Умазаць кацёл у печ.
ума́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. умазваць — умазаць (у 2 знач.).
ума́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да умазацца.
2. Зал. да умазваць.
ума́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да умазаць.
ума́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. умазваць — умазаць (у 2 знач.).