го́йканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гойкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Да нас, ужо аднекуль з-пад ракі, даносіцца гойканне Анюты, але мы маўчым. Пташнікаў.
го́йкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Вымаўляць, выкрыкваць «гой». [Янук (скачучы, гойкае):] Гой, гой! Вяселле пачынаецца! Козел.
го́йкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да гойкаць.
го́йсанне і гайса́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. гойсаць, гайсаць.
го́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і гайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Хутка і мітусліва рухацца, перамяшчацца ў розных напрамках. Ашалелы ад страху статак гайсаў па лужку. «Работніца і сялянка». Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча. Каваль. // Раз’язджаць, бегаць у пошуках каго‑, чаго‑н. Гендарсан гайсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Чарнышэвіч. // Хадзіць, бегаць дзе папала без пэўнай мэты. Ты ж тут не гойсай па вуліцы, а вучыся добра.
гол, ‑а, м.
1. Забіты або прапушчаны ў вароты мяч, шайба. Забіць гол. Прапусціць гол у свае вароты.
2. Ачко, якое выйграе каманда, калі забівае мяч або шайбу ў чужыя вароты.
[Англ. goal.]
го́ла,
1. Прысл. да голы.
2. безас. у знач. вык. Пуста, нікога або нічога няма. Увечары на вуліцы стала пуста, гола: з канца ў канец не сустрэць чалавека. Скрыган. Мы ў полі, пры лесе, Ссякалі капусту. А сёння там гола, А сёння там пуста. Бялевіч.
голагало́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З голай, непакрытай галавой. Праводзілі Галю бацька, Марына і голагаловы і босы Сцёпік. Ермаловіч. // З безвалосай, абстрыжанай ці лысай галавой.
го́лад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Адчуванне патрэбы ў ежы, моцнае хаценне есці. Адчуць голад. Прагнаць голад. □ Мікола ўжо і забыў, калі наядаўся ўволю. Нават у сне яго мучыў голад. Новікаў. // Працяглае недаяданне з-за недахопу ежы. Пухнуць з голаду. □ Выскачыў з бярлогі сумны воўк, Ад голаду сухі, бы корч. Бядуля.
2. Недахоп або адсутнасць харчовых прадуктаў як масавае няшчасце з прычыны неўраджаю, вайны і пад. У голад намруцца, у вайну налгуцца. Прыказка. // перан. Увогуле недахоп чаго‑н. жыццёва важнага, неабходнага. Рэпертуарны голад. Кніжны голад. □ Зямельны голад гнаў селяніна ў кабалу да памешчыка. Івашын.