разналі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае лісце рознай формы, выгляду. Разналістае чарналессе. Разналістыя расліны.
разнама́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Рознай масці. На цэлым табуне разнамасных коней .. едуць, едуць, едуць цыганы. Брыль.
2. перан. Рознага колеру, афарбоўкі, выгляду. — Я яго кепска ведаю. Ведаю, што працуе арганістам у Святаянскім касцёле. Дзіўна, чаму ён тут бывае? Але тут, наогул, даволі разнамасны хаўрус. Караткевіч.
разнаме́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае неаднолькавы з другім (другімі) памер. Разнамерны абутак.
разнамо́ўе, ‑я, н.
Наяўнасць розных моў або народаў, якія гавораць на розных мовах.
разнамо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з народнасцей або людзей, што гавораць на розных мовах. Горад [Нью-Йорк] разнамоўны, рознаплямённы, стракаты, крыклівы. Новікаў. // Які належыць людзям, што гавораць на розных мовах. Тую, уяўную, ідэальную маці, якой складаліся гэтыя разнамоўныя, рознагалосыя «Ave Maria», .. [Алесь] уявіў па-сапраўднаму трохі пазней, калі ў нейкай, зусім выпадковай, кнізе свайго малалецтва ўбачыў упершыню сіксцінскую мадонну Рафаэля. Брыль.
2. Які змяшчае словы розных моў. Разнамоўны слоўнік.
разнамы́снасць, ‑і, ж.
Уст. Нязгода ў думках; несупадзенне перакананняў.
разнамы́сны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які ў думках неаднолькавы з кім‑н.
разнапла́навасць, ‑і, ж.
Уласцівасць разнапланавага. Разнапланавасць твора. Разнапланавасць акцёра.
разнапла́навы, ‑ая, ‑ае.
Які выступае ў розных планах, ахоплівае розныя аб’екты чаго‑н. Разнапланавы раман. Разнапланавы пісьменнік. □ Платонаў стаў самым разнапланавым акцёрам, акцёрам найшырэйшага дыяпазону. Сабалеўскі.
разнапо́лы, ‑ая, ‑ае.
1. толькі мн. Рознага полу, неаднолькавыя па полу.
2. Спец. Які мае раздзельнаполыя кветкі.