Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

размясі́цца, ‑месіцца; зак.

Разм. Стаць размешаным. Цеста добра размясілася.

размясі́ць, ‑мяшу, ‑месіш, ‑месіць; зак., што.

Перамяшаўшы, размяць (што‑н. густое, вязкае). Размясіць гліну.

размясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.

Знайсці для сябе месца; стаць або рассесціся на месцах. Падпалкоўнік загадаў батальёнам размясціцца ў прыбярэжным лесе. Мележ. Нарэшце стол быў накрыты, усе размясціліся, і гаворка сціхла. Ваданосаў. // Уладкавацца на жыхарства, спыніцца па прыбыцці ў якім‑н. месцы, памяшканні. Землякі размясціліся ў адным пакоі з Кастусём. С. Александровіч. // Заняць сабой якое‑н. месца, прастору. Між засценкамі Малінаўкай і Жывіцамі на невялікім пагорку размясціўся стары могільнік. Чарнышэвіч.

размясці́ць, ‑мяшчу, ‑месціш, ‑месціць; зак., каго-што.

1. Расставіць або разлажыць па месцах, у пэўным парадку. Сабраўся Калістрат галіцца, На століку прылады размясціў І — на табе! — люстэрачка ўпусціў. Корбан. Слава гаспадаром хадзіў па пакоі, прымяраючы, як лепш, размясціць экспанаты. Жычка. // Знайсці, даць кожнаму месца. Калгасны статак, які налічваў не больш двух дзесяткаў кароў і цялят, можна было размясціць і па хлявах калгаснікаў... Васілевіч. У вёску іх прапусцілі толькі хвілін праз сорак. Вусаты старшына размясціў партызан у дзвюх крайніх хатах. Асіпенка.

2. Размеркаваць паміж многімі (асобамі, арганізацыямі). Размясціць заём.

размята́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да размятаць.

размята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да размесці.

размя́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад размяць.

размя́ўкацца, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаць моцна мяўкаць; падняць мяўканне.

размя́цца, разамнуся, разамнешся, разамнецца; разамнёмся, разамняцеся; заг. разамніся; зак.

1. Стаць мяккім, ператварыцца ў мяккую масу ў выніку сціскання, расцірання. Разамнецца гэта цвёрдая скарынка [зямля], а тады можна будзе перасеяць. Васілевіч.

2. Разм. З дапамогай якіх‑н. рухаў пазбавіцца ад адчування анямеласці, фізічнай скаванасці. Пасажыры пакінулі месцы. Адны пабеглі пашукаць чаго папіць, другія выйшлі проста размяцца. Ракітны. // У спартсменаў — перад пачаткам спаборніцтва практыкаваннямі разагрэць цела, танізаваць мышцы.

размя́ць, разамну, разамнеш, разамне; разамнём, разамняце; заг. разамні; зак.

1. што. Ціскаючы, расцерці на мяккую масу. Падышоўшы да самага краю сажалкі, Сяўрук уставіў вочы ў свежы вільготны чарназём пад нагамі, потым нагнуўся, узяў халодную тлустую грудку ў руку, размяў яе і чамусьці паднёс да носа. Кулакоўскі.

2. каго-што. Разм. Рухамі зняць анямеласць (з цела або яго частак). Ляжаць пад сенам было горача і нязручна, карцела паварушыцца, размяць анямелае цела. Новікаў. Але сяк-так прымайстраваўся Наш падарожны каля печы, Размяў крыху грудзіну, плечы. Колас. // Не даць застаяцца (каню).