размя́ць, разамну, разамнеш, разамне; разамнём, разамняце; заг. разамні; зак.

1. што. Ціскаючы, расцерці на мяккую масу. Падышоўшы да самага краю сажалкі, Сяўрук уставіў вочы ў свежы вільготны чарназём пад нагамі, потым нагнуўся, узяў халодную тлустую грудку ў руку, размяў яе і чамусьці паднёс да носа. Кулакоўскі.

2. каго-што. Разм. Рухамі зняць анямеласць (з цела або яго частак). Ляжаць пад сенам было горача і нязручна, карцела паварушыцца, размяць анямелае цела. Новікаў. Але сяк-так прымайстраваўся Наш падарожны каля печы, Размяў крыху грудзіну, плечы. Колас. // Не даць застаяцца (каню).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)