Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лы́нды,

У выразе: лынды біць гл. біць.

лып, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. лыпаць — лыпнуць.

лы́панне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лыпаць.

лы́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. То адкрываць, то закрываць вочы; маргаць. Генерал толькі што паабедаў, вочкі яго лыпалі сонна і сыта. Мележ.

•••

Лыпаць вачамі — а) бяссэнсава маргаць ад разгубленасць збянтэжанасці, здзіўлення, страху. Нейкі час .. [Ладуцька] разгублена лыпаў вачыма, а потым упарта закруціў галавой. Кулакоўскі; б) маўчаць, не ведаючы, што сказаць. [Алаіза:] — Часам звычайны рабочы што спытае, а ты стаіш і лыпаеш вачыма, не ведаеш, што адказаць. А спытае, здаецца, і вельмі простае. Арабей.

лы́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да лыпаць.

лысава́ты, ‑ая, ‑ае.

З невялікай, нязначнай лысінай. Сакратар абкома, пажылы, лысаваты чалавек, горача паціснуў усім рукі. Лынькоў.

лы́сасць, ‑і, ж.

Адсутнасць валасоў; пляшывасць.

лы́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Памянш.-ласк. да лысы (у 1, 2 знач.).

лысе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца лысым. Вусы .. [дзядзькі] пасівелі ўжо, галава пачала лысець. Чорны.

2. перан. Разм. Пазбаўляцца расліннага ці інш. покрыва. Спачатку лыселі, а потым пакрываліся густой шчоткай маладой вастраносай траўкі прыгоркі. Васілевіч.

лы́сіна, ‑ы, ж.

1. Месца на галаве, дзе вылезлі і не растуць валасы. Дзед Талаш расчуліўся. Зняў шапку. Жаўтавата-белая лысіна яго бліснула, як сонца. Колас.

2. Белая пляма на лбе некаторых жывёл. Едзе павольна адна фурманка. Здалёку відаць белая лысіна каня. Бядуля.

3. перан. Разм. Пра ўчастак чаго‑н., пазбаўлены расліннасці, покрыва. Узгоркі бялелі пясчанымі лысінамі. Новікаў.