Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. абрываць — абарваць ​1 (у 2 знач.) і абрывацца — абарвацца (у 1 знач.).

2. Месца, дзе абарвана што‑н. Абрыў лініі.

3. Круты схіл берага, скалы і пад., які ўзнік у выніку абвалу ці асыпання зямлі. Схілы ўсюды вельмі крутыя, частыя абрывы, на адхонах амаль усюды, густа буяе лес. Мележ. Да белае хаткі На стромкім абрыве Плыў човен рыбацкі, Бясшумны, як прывід. Гілевіч.

абры́ць, ‑рые; зак., што.

Парыць зямлю вакол чаго‑н.

абрэвізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.

Правесці, зрабіць рэвізію чаго‑н. Так, гэта была рэвізія, якою новы загадчык земаддзела запатрабаваў у спешным парадку абрэвізаваць справы воласці. Чарот.

абрэвіяту́ра, ‑ы, ж.

1. Складанаскарочанае слова, напрыклад: мясцком, насценгазета, а таксама літарнае скарачэнне некалькіх слоў, напрыклад: БССР, ЦК КПСС, БелСЭ.

2. Умоўнае скарачэнне слоў на пісьме, напрыклад: і г. д. (і гэтак далей), гл. (глядзі) і інш.

[Лац. abbreviatura.]

абрэвіяту́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да абрэвіятуры. Абрэвіятурны тып слоў.

абрэвія́цыя, ‑і, ж.

Утварэнне абрэвіятур.

[Англ. abbreviation.]

абрэ́з, ‑а, м.

1. Вінтоўка з укарочаным, абрэзаным ствалом. Ірын бацька пачаў расказваць, як яго, прадстаўніка рабочага класа, камуніста, паслала партыя праводзіць калектывізацыю ў наш Верамеевіцкі раён і як стрэлілі ў яго праз акно з абрэза. Сабаленка. З лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі... Колас.

2. Абрэзаны край, беражок. Кніга з зялёным абрэзам.

•••

У абрэз — без усякага лішку, якраз у меру; малавата.

абрэ́зак, ‑зка, м.

Непрыдатны кавалак, які астаўся пасля разрэзвання чаго‑н. Абрэзак шкла. □ Ля рашоткі дзеці раяцца і, захапіўшы з сабой абрэзкі аполкаў, зноў залазяць у падвал. Гарбук.

абрэ́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абрэзаць (у 1, 2 знач.).

2. у знач. прым. Паранены, пакалечаны. Абрэзаны палец.

абрэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

Параніць сябе чым‑н. вострым; парэзацца. Сухая папараць шорсткая пасля зімы, Ашмаргні галінку — абрэжашся. Пташнікаў. // Нацерці цела чым‑н. цвёрдым (звычайна пра каня). Абрэзаўся і абмуляўся Гнедчык, ісці не хоча, галавою матае. Нікановіч.