хрыпава́ты, ‑ая, ‑ае.
Троху, злёгку хрыплы. Два гудкі, тоўсты хрыпаваты і звонкі тэнаровы, адначасна забрынчэлі па шыбах у акне Руліна пакоя. Гартны. Голас у .. [Паранькі] ціхі, трошкі хрыпаваты — не то ад прастуды, не то ад беганіны. Ракітны.
хрыпата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.
1. Сіпласць, адсутнасць чыстаты голасу. Толькі недалёка ціха булькала крынічка і да хрыпаты надрываўся недзе драч. Ваданосаў. У крыклівым голасе заўжды хрыпата будзе, ён не чысты. Сапраўдны паэт не крычыць. Галавач.
2. Хрыпенне, хрып. Спыняўся [сабака] на момант, каб набраць паветра ў лёгкія і ўцягваў яго з хрыпатою. Крапіва. Тут жа прабіў Шклянкаў насценны гадзіннік шэсць, без хрыпаты, чыста, быццам разумеючы, што на дварэ канец лютага і на парозе вясна. Ермаловіч.
хрыпа́ты, ‑ая, ‑ае.
Глухаваты, сіплы, нячыстага тону (пра гук). Кожны паравоз крычыць па-свойму.. У другога хрыпаты голас, нібы прастудзіўся паравоз, бегаючы ў вольных туманах і завеях. Лынькоў. Хрыпатымі галасамі маладых пеўнікаў пачынаўся новы дзень. Гроднеў. // Які ўтварае такія гукі. Дуня заводзіла хрыпаты грамафон, потым прымусіла спяваць Віктара. Колас. Але недзе пасля Бахмача, якраз тады, калі змоўк у вагоне хрыпаты рэпрадуктар, прыёмнічак раптам ажыў. Мехаў.
хрыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Пакутаваць ад хрыпаты, гаварыць хрыпла. [Тамаш:] — Хрыпаю і баліць ва мне ўсё. Косці ломіць. У галаве кружыць. Чорны. // Утвараць хрып. Совы пад стрэхамі папазаводзіліся — хрыпаюць, як пачвары. Скрыган.
хрыпе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. хрыпець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Галава Панці лягла ніжэй, кадык вытырк, а хрыпенне пацішэла. Кулакоўскі.
хрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць горлам хрыплыя гукі. Алеська ўспомніў, як цяжка хрыпіць дзед, як страшна, калі ён трызніць. Хомчанка. // безас. Пра хрыпы ў грудзях, горле. У класе запанавала напружаная цішыня — стала чуваць, як у прастуджанага Паўла Баранца хрыпіць у грудзях. Шамякін. // Утвараць хрыплыя гукі (аб рэчах). Вось дзядзька люльку раздзімае, Цыбук хрыпіць, пішчыць, спявае. Колас.
2. Мець у голасе хрыпату, утвараць хрыпенне замест крыку, слоў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. Партызаны кашлялі, хрыпелі прастуджанымі горламі. Навуменка. // Гучаць хрыпла (пра голас). Мінут праз пяць з [рэпрадуктара] .. гучыць музыка і хрыпіць голас спартыўнага інструктара. Нядзведскі. Голас [палкоўніка] зрываўся, хрыпеў. Лынькоў.
3. Гаварыць, крычаць хрыпла, з хрыпам. — Я табе пакажу сведак, — хрыпеў Віктар і вырываўся. Гаўрылкін. — Набегаўся, нябось, — хрыпеў.. [Харытон], цяжка дыхаючы. Бажко.
хры́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
Разм.
1. Хрыпата.
2. Хвароба, якая суправаджаецца хрыпамі. Захар хварэў на хрыпку. Пестрак.
хрыплава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі хрыплы, з хрыпатой. Хрыплаваты стогн. □ Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чорны. Нечы слабы, хрыплаваты голас спяваў незнаёмую песню. Самуйлёнак.
хры́пласць, ‑і, ж.
Уласцівасць хрыплага. [Косця] кашлянуў, каб прагнаць гэту хрыпласць, каб тое, што ён скажа, сказаў ясна і цвёрда. Арабей.
хрыплі́васць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць хрыплівага.