Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ро́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рота. Ротавая поласць.

ро́тар, ‑а, м.

Вярчальная частка машыны (электрычнага генератара, турбіны і пад.).

[Ад лац. rotare — вярцець.]

ро́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ротара. Ротарныя машыны. Ротарнае свідраванне.

ро́тмістр, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — афіцэрскі чын у кавалерыі, які адпавядаў чыну капітана ў пяхоце, а таксама асоба ў гэтым чыне. Сярод усіх стаяў на каленях .. у мундзіры ротмістра блакітных уланаў сам граф Браніслаў Ельскі. Пестрак. Парог пераступіў жандарскі вахмістр з ліхтаром у руках, за ім тры гарадавыя, чалавек у цывільным і жандарскі ротмістр. Колас.

[Польск. rotmistrz.]

ро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да роты. Ротны камандзір. □ Секлі лес кулямётамі, Палівалі, страчылі, Палкавымі і ротнымі мінамётамі білі. Лужанін. У пакой ускочылі салдаты, далі .. [Візэнеру] вады, выклікалі ротнага лекара. Шамякін.

2. у знач. наз. ро́тны, ‑ага, м. Камандзір роты. Яшчэ ротны аддаваў загад узводным, яшчэ вылучалі дазоры, а стомленыя салдаты, расклаўшы шынялі, клаліся на мураву пад яблыні і засыпалі. Галавач.

роў 1, рова; мн. равы, ‑оў; м.

Доўгае паглыбленне, выкапанае ў зямлі; канава. Над нёманскай далінай узвышалася поле з глыбокімі равамі, пракладзенымі снегавою і навальнічнаю вадою, з высокімі пагоркамі, заросшымі хмызам. Колас. Дзе мост над ровам — Летам на світанку Не замаўкаюць песні салаўёў. Хведаровіч.

роў 2, рову, м.

1. Моцны працяглы крык некаторых жывёл. Раптам.. [Яніна] пачула наперадзе мядзведжы роў. Мурашка. // Гукі, якія напамінаюць такі крык. З ровам самалётаў шырылася радаснае хваляванне ў грудзях. Мележ. На дарозе пуста. Даўно ўжо знік лесавоз з вачэй, ні яго рову, ні пылу. Ракітны.

2. Разм. Моцны плач. І плачу было тут, і слёз, і рову. Лынькоў.

ро́ўма,

У выразе: роўма раўці гл. раўці.

ро́ўна,

1. Прысл. да роўны (у 1–6 знач.).

2. у знач. вык. Пра адсутнасць няроўнасцей, упадзін, узгоркаў. Роўна, як на стале. Зімой у полі роўна і бела.

3. прысл. На адной лініі (вышыні, глыбіні і пад.); на адным узроўні. Калёсы былі загружаны роўна з поручнямі ўсялякай салдацкай амуніцыяй. Ставер. З фермы на поле, нагружаныя роўна з коньмі белымі мяхамі, паехалі дзве падводы. Пташнікаў.

4. у знач. часціцы. Дакладна, якраз. Перапынак. Роўна поўдзень. Паўгадзіны адпачні. А. Александровіч. Роўна праз дзве гадзіны сем хвілін лектар згарнуў паперы і ўзяўся за акуляры, не падымаючы вачэй на аўдыторыю. Кавалёў.

•••

Усё роўна гл. усё.

роўна... (а таксама раўна...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «роўны», напрыклад: роўнавялікі, роўнастаронні.

роўнавуго́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае роўныя вуглы.