Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ла́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе і ладава́ць, ‑ду́ю, ‑ду́еш, ‑ду́е; заг. ла́дуй і ладу́й; незак., што.

Разм. Прыводзіць у парадак, падпраўляць. Ладаваць збрую. □ — Ты ўчора прыходзіў да мяне? — стоячы на праходзе, спытаў Андрэйка, калі Паўлік пачаў ладаваць кнігі ў парце. Краўчанка. // Роўна, парадкам укладваць. У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы. Мележ. // Збіраць, рыхтаваць, укладваць. У дарогу збіралася ледзь не ўся вёска — кляпалі косы, ладавалі торбы, падмазвалі каламаззю восі, падганялі хамуты і вупраж. Сачанка.

ла́давы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лада ​1 (у 7 знач.).

ла́дам, прысл.

1. Парадкам, як трэба. Парадак у лесе. Усё дагледжана, усё ладам ідзе. Шашкоў.

2. У згодзе, дружна. Змаганне заўжды працай ладам Вядзе свой круг ад веку ў век.. Хведаровіч.

3. Мірна, спакойна. [Вошкін:] — Прыйшоў, каб пагутарыць ладам, а вы падкусваць мяне... М. Ткачоў.

ла́дан, ‑у, м.

Пахучая смала некаторых трапічных дрэў (выкарыстоўваецца для абкурвання ў час рэлігійных абрадаў). Жалобная працэсія павольна рухалася па вуліцах, блішчалі рызы духавенства, плыў сіні дым ладану. Самуйлёнак.

•••

Баяцца як чорт ладану гл. баяцца.

Дыхаць на ладан гл. дыхаць.

Як чорт ад ладану гл. чорт.

[Ад перс. lâdan.]

ла́данавы, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы ладану. Ладанавы пах.

ла́данка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Уст. Сумачка з ладанам ці якім‑н. прадметам для нашэння на грудзях, здольная, паводле ўяўленняў веруючых, засцерагчы ад няшчасця.

2. Невялікая пасудзіна, у якой спальваюць ладан.

ла́даннік, ‑у, м.

Кустовая расліна сямейства ладаннікавых, якая змяшчае ў сабе эфірнае масла.

ла́даннікавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ладанніку. Ладаннікавы куст.

2. у знач. наз. ла́даннікавыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якога адносяцца ладаннік, санцацвет і інш.

ла́данны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ладану. Ладанны дым.

ладдзя́ 1, ‑і, ж.

Уст. Вялікая парусная ці вёславая лодка.

ладдзя́ 2, ‑і, ж.

Шахматная фігура ў форме вежы, якая ходзіць удоўж і поперак дошкі па прамой; тура.