брахмані́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да брахманізму. Брахманісцкая рэлігія.
брахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да брахаць. Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Караткевіч. Сабака гэтакай сустрэчы не чакаў. Брахнуў, падціснуў хвост і дзёру даў. Корбан.
брахня́, ‑і, ж.
Разм. пагард. Няпраўда, хлусня, мана; паклёп, нагавор, абгавор. [Ціхан:] — Гітлераўцы тут брэшуць без дай меры штодня! А народ не верыць, не хоча верыць іхняй брахні, іхнім лістоўкам, іхнім газетам. Лынькоў. Я не хацеў, каб мой матэрыял назвалі брахнёй, і таму паставіў перад сабой задачу дакапацца да самай глыбіннай праўды. Сабаленка.
браху́н, ‑а, м.
Разм. пагард. Ілгун, хлус, манюка; паклёпнік, нагаворшчык. [Васіль Ціханавіч:] — Гітлераўцы пішуць, што ўзялі Маскву, Ленінград. Нават да таго, брахуны, дадумаліся, што абвясцілі, каб бралі прапускі, хто хоча ехаць у Маскву... Сіўцоў. // Той, хто любіць вельмі шмат, без меры гаварыць; балбатун, лапатун. З брахні не мруць, ды брахунам веры не даюць. Прыказка.
браху́ха, ‑і, ДМ ‑хусе, ж.
Жан. да брахун. [Акуля:] — Ідзі, ідзі, так вось і павераць табе, брахусе. Колас.
бра́це,
Разм. Ласкавы зварот да мужчыны, хлопчыка. [Лабановіч:] — Дык што, браце Янка: узрадуемся і ўзвяселімся. Няхай адступіцца ад нас ліха, а добра пачатае няхай дабром і скончыцца. Колас. У шпіталь едзем, — сказаў.. [Грыцко] спакойным голасам, — у шпіталь, браце. Кулакоўскі.
браце́нік, ‑а, м.
Абл. Дваюрадны брат (рэдка — родны). На двор да Якава з’язджаецца сваяцтва з далёкіх вёсак: дзядзькі, цёткі, браценікі, ля вазоў стаяць, кураць, гутараць. Галавач. У нядобры час даведаўся герой наш [Іван], што браценік яго родны, адпушчаны з войска, падпусціў яму канкурэнцыю. Гарэцкі.
бра́цік, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да брат (у 1 знач.); маленькі брат. — Як бацькі мае маюцца? Як сёстры і брацікі гадуюцца? Бядуля. Між двух дрэў сястрычка Браціка за ручку З кошыкам вядзе. Колас.
бра́ціха, ‑і, ДМ ‑цісе, ж.
Разм. Тое, што і братавая.
бра́ція, ‑і, ж., зб.
1. Манахі адной абшчыны або манастыра.
2. з азначэннем. Жарт. Людзі, якіх яднае адна справа, агульныя інтарэсы; людзі аднаго круга. [Чмаруцька:] — Наш начальнік дарогі.. глядзіць, каб мы, мазутная, значыцца, брація, залішне на пуці не вытыркаліся. Лынькоў.