Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бесхрыбе́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае няцвёрды характар; няўстойлівы, беспрынцыповы. [Нагорны:] «Неабходна перш за ўсё ў сабе выхаваць пільнасць, нянавісць да ворага і вялікую любоў да сваіх людзей, якія апынуліся ў няволі. Іначай, які з мяне палітбаец, — бесхрыбетны чалавек». Гурскі.

бе́сцань, ‑і, ж.

У выразе: за бесцань (прадаць, аддаць) — задарма, вельмі танна. [Ціток:] — Відацкая нешта пачула, калі за бесцань лес аддала. Лобан.

бесцырымо́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бесцырымоннага; развязнасць. Не надта блізка знаёмы яны [Тарас і Славік] .. А таму Славіку пры ўсёй яго бесцырымоннасці нялёгка было папрасіць грошай у гэтага спакойнага, старэйшага па ўзросту хлопца. Шамякін.

бесцырымо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які не звяртае ўвагі на агульнапрынятыя нормы паводзін; развязны. Заснавалі і сталі адразу прыкметныя бесцырымонныя кінааператары, фотакарэспандэнты. Карпаў. // Які адыходзіць ад агульнапрынятых нормаў паводзін, звычаяў. Раісу Антонаўну любілі ўсе і можа таму даравалі яе мужу бесцырымоннае ўмяшанне ў чужыя сямейныя справы. Асіпенка.

бесцэнзу́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не праходзіць цэнзуры. Жыццё і задачы рэвалюцыйнай барацьбы патрабавала больш дзейсных і эфектыўных сродкаў агітацыі, якія, мінаючы рагаткі царскай цэнзуры, даносілі б праўдзівае слова народных масам. Патрэбен быў вольны бесцэнзурны беларускі друк. С. Александровіч.

бесцяле́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бесцялеснага.

бесцяле́сны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае цела; нематэрыяльны. На гэтых вершах, прысвечаных рэальным справам зусім рэальных людзей, адмоўна адбілася прыхільнасць паэта да бесцялесных сімвалаў, да адцягненай метафарычнасці. Бярозкін.

бесчалаве́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бесчалавечнага; бязлітаснасць, жорсткасць. Пісьменнік паэтызуе прыгажосць, сапраўдную чалавечнасць у адносінах Волечкі і Кастуся, каб потым у кантрастным плане паказаць агіднасць і бесчалавечнасць уласніцтва, дзікасць і зверства фашызму. Дзюбаты.

бесчалаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Які не ведае літасці, люты. Імперыялістычная вайна пазбавіла.. [Любу Лук’янскую] роднага дому, зрабіла бежанкай-сіратой, парабчанкай бесчалавечнага кулака. Луфераў. // Характэрны, уласцівы бязлітаснаму чалавеку. Бесчалавечнае абыходжанне. Бесчалавечная эксплуатацыя.

бесчарапны́я, ‑ых.

Спец. Падтып ніжэйшых хордавых жывёл, якія жывуць на вялікіх глыбінях.