Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уладко́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уладкоўваць — уладкаваць.

уладко́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уладкавацца.

2. Зал. да уладкоўваць.

уладко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уладкаваць.

ула́днасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць уладнага. Уладнасць голасу. □ За плячыма вартаўніка вісела стрэльба. Усё гэта прыдавала вартаўніку .. уладнасць і ўпэўненасць. Колас.

ула́дны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Схільны навязваць сваю волю, загадваць, падначальваць сабе. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Ермакоў] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. Мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. Караткевіч. // Які выражае ўладу, волю, рашучасць; уладарны. [Жанчына] акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам.. і лагодна ўсміхнулася. Ваданосаў. — Стой! Не варушыся! — пачуў .. [Карніцкі] уладны і моцны шэпт, як толькі выбраўся на супрацьлеглы бераг. Паслядовіч.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Які мае права, уладу што‑н. рабіць. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном... М. Стральцоў.

3. перан. Неадольны, усемагутны. Уздыхне зямля шчасліва — і з пачуццём асалоды, Уся аддасца ўладнай сіле рук працоўных чалавека. Буйло.

улады́ка, ‑і, м.

1. Архірэй, мітрапаліт. Духоўныя ўладыкі з’яўляліся не толькі буйнейшымі феадаламі-прыгоннікамі, але і пастаянна займаліся гандлёвай і ліхвярскай дзейнасцю. Алексютовіч.

2. Тое, што і уладар. І чуем песні, крык: «Уладыка свету — Праца. Хай згіне капітал, вайна яму! пажар!» Чарот. — Хто закон тут? Я закон! Я ўсяму ўладыка... — Хоча вымавіць Ціхон, Ды не вяжа лыка. Бялевіч.

улады́чыца, ‑ы, ж.

1. Жан. да уладыка (у 2 знач.).

2. Эпітэт багародзіцы ў рэлігійных творах.

улажы́цца, улажуся, уложышся, уложыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Умясціцца ў што‑н. Усе рэчы ўлажыліся ў чамадан.

2. перан. Зрабіць, выканаць што‑н. за пэўны тэрмін, не выйсці за межы чаго‑н. вызвачанага. Улажыцца ў рэгламент.

улажы́ць, улажу, уложыш, уложыць; зак., каго-што.

1. Палажыць, змясціць унутр чаго‑н.; укласці. Улажыць кнігу ў партфель. □ Напісаўшы пісьмо, Ганка ўлажыла яго ў канверт і, падумаўшы крыху, падпісала: «Леніну, Ільічу». Бяганская. [Дзядзька] згарнуў паперку яшчэ на чатыры часткі, улажыў яе ў кашалёк. Брыль. // Зрасходаваць на пабудову, пакрыццё і пад. Дарогі будаваць трэба, сапраўды яны ў нас дрэнныя.. Што толькі бедныя шафёры не робяць. Хутка ўвесь лясок, што раскінуўся каля раённага цэнтра, уложаць у дарогу. Сергіевіч.

2. перан. Патраціць, расходаваць на што‑н. Казалі, што Ева расчала рубіць вясной вялікі дом, восем на дзесяць, каб улажыць усе тыя лішнія грошы, якія яна атрымала сёлета за лён. Ермаловіч. // Аддаць, прысвяціць каму‑, чаму‑н. Колькі любві мы і працы Улажылі ў суровую глебу! Танк.

3. Надаць каму‑н. ляжачае становішча, памагчы легчы. Дзеда ўлажылі ў пасцель, паставілі на тумбачку бутэлечкі з лекамі, шклянку з вадой. Хомчанка. Выправіўшы з пакоя Пракопа, [Арына] раздзела Лёдзю, улажыла ў ложак, мокрым ручніком выцерла ёй рукі, твар, шыю. Карпаў. // Прымусіць легчы спаць. Толькі позняя ноч улажыла ўсіх спаць. Чарот. // Прымусіць хворага знаходзіцца ў пасцелі. Бабка.. Кажа: «Грып, няйначай, нейкі конскі, Аж паўвёскі ў ложкі ўлажыў». Чэрня.

4. Разм. Забіць. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. [Дзяжа:] Цішэй! Стрымайце выбух гневу, Пасмейце пікнуць — улажу. Колас.

5. Зрабіць укладку (пра валасы).

улажэ́нне, ‑я, н.

1. Дадатковая рэч (звычайна каштоўная), уложаная ўнутр чаго‑н. Бандэроль без недазволеных улажэнняў. Пакет з улажэннем.

2. Уст. Звод, збор законаў, пастаноў. Улажэнне аб пакараннях. Саборнае ўлажэнне 1649 года.