Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

улада́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. уладаць (у 1, 4 знач.).

2. Тэрыторыя, якая знаходзіцца пад уладай каго‑н., пад чыім‑н. кіраваннем. Каланіяльныя ўладанні. □ [Саля Калёнія] быў крайні паўднёвы пункт уладанняў Рыма ў Афрыцы. В. Вольскі. / у перан. ужыв. Набірае [вясна] паволі сталасць, Пашырае ўладанні свае. Прануза.

3. Уст. Нерухомая маёмасць (пераважна зямля), якой валодаюць як уласнасцю. З Нясвіжам звязаны Цімкавічы здаўна. Калісьці мястэчка было радзівілаўскім уладаннем. С. Александровіч. [Аксён] разгортвае скрутак і паказвае настаўніку план. На плане зняты сялянскія землі і сумежныя ўладанні пана Скірмунта. Колас.

4. перан. Панаванне. Ужо і ночка канчаецца, зараз золак заіграе над зямлёю, раніца.. распастрэ над зямелькаю ўладанне. Нікановіч.

улада́р, ‑а, м.

1. Той, хто валодае чым‑н.; гаспадар чаго‑н. Пасля рэвалюцыі ўцёк кудысь уладар маёнтка, і за валоку не трэба было болей плаціць. Галавач. [Платон], відаць, ужо не раз мазгаваў пра тое, каб стаць непадзельным уладаром млына. Ракітны. // Той, хто пэўны час карыстаецца чым‑н. Змена ўладароў калыскі адбывалася са здзіўляючай хуткасцю: Колю папрасіла адтуль Настулька, Настульку — Галка. Кірэйчык.

2. Той, хто карыстаецца неабмежаванай вярхоўнай уладай. Уладар дзяржавы. // Той, каму ўсе падначальваюцца. Усе .. [звяры] мірна сышліся ў гурт і маўкліва і пакорліва, як і птушкі, пазіралі на Лесавіка, свайго ўладара і бога. Вышынскі.

•••

Уладар дум каго, чыіх — чалавек, які робіць моцны ўплыў на каго‑н.

улада́ранне, ‑я, н.

Панаванне дзе‑н. У першыя ж дні нямецкага ўладарання [у гарадку] былі арыштаваны мясцовы натарыус, старшыня абутковай арцелі і ляснічы. Навуменка.

улада́рна, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да уладар.

улада́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць уладарнага (у 2, 3 знач.).

улада́рніца, ‑ы, ж.

Тое, што і уладарка.

улада́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які валодае правам наследавання ўлады. Уладарны князь.

2. Схільны загадваць, падначальваць сабе. Уладарны характар. □ [Старшыня] усклаў важкія кулакі на стол і, прыняўшы паставу ўладарнага кіраўніка, абвясціў Лямзікаву..: — Значыць, як дамовіліся. Быкаў. // Які выражае загад; настойлівы, патрабавальны. Калі мы з Сяргеем памкнуліся бегчы разам з усімі, пачуўся ўладарны голас Кімы: — Радысты, назад! Няхай. // Здольны рабіць моцны ўплыў на каго‑н. Уладарная прыгажосць.

3. перан. Неадольны, усемагутны. Уладарны наступ вясны. □ Уладарная сіла яго, гэтага аптымізму, як той незгасальны агеньчык, цяплілася недзе глыбока ў душы і сагравала неспакойную, прагную да ведаў, натуру юнака. Майхровіч.

улада́рства, ‑а, н.

1. Вярхоўная ўлада, панаванне.

2. Нерухомая маёмасць, якой валодаюць як уласнасцю; уладанне (у 3 знач.). Пану Гюнтэру Ліндэ трэба было аб’ездзіць усе трыццаць гектараў свайго ўладарства. Бядуля.

улада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Правіць краінай, дзяржавай; быць уладаром, мець уладу над кім‑, чым‑н. Уладарыць над прыродай. □ Старая ўладарыла .. [у доме] і пачынала кожны новы дзень трохі не пасярод ночы. Шамякін. Пачалі глядзець навокал мы далёка і глыбока. Уладарым у паветры, зазірнулі мы і ў нетры. Дубоўка.

2. перан. Панаваць, займаць пануючае становішча. Над зямлёю восень уладарыць. Азірае пожні і бары. Ляпёшкін. І толькі ў буру-непагоду, Калі ўладарыць шторм адзін, Парою з дна марскога воды На бераг выплеснуць бурштын. Тарас. За акном стоена і ціха ўладарыла зімовая ноч. М. Стральцоў.

улада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Мець у сваёй уласнасці, распараджацца кім‑, чым‑н. Уладаць крыніцамі сыравіны. □ [Чалавек:] — Не відаць ні табе, ні такім, як ты, беднякам дабра да таго часу, пакуль цар і багацеі ўсім будуць уладаць і ў сваіх руках уладу трымаць. Якімовіч.

2. Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. [Старэйшая дзяўчына] ўладала тым хараством вобліку, калі не замінае нічога лішняга, нічога не дадасі і нічога не паправіш. Лужанін.

3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. [Салдат:] «І нага сапсавана, і правай рукой я, на ліха, бадай не ўладаю...» Дубоўка.

4. перан. Трымаць у сваёй уладзе; ахопліваць (пра пачуцці, думкі і пад.). Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам: страх быць злоўленым уладаў ім бесперапынна. Чорны. Адзінае пачуццё ўладала Загорскім: неўразуменне. Караткевіч.