Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

улаго́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да улагодзіць.

улаго́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Супакоіцца. [Свіст:] — Мора, яно ваб[н]ае, — і муштруе, і не адпускае .. Часам дапячэ за шторм, свет белы праклянеш, а .. улагодзіцца — лепшага і не трэба: прастор, вецер. Быкаў.

улаго́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Дагаджаючы чым‑н., задобрыць каго‑н. Каб канчаткова .. [краўца] улагодзіць, Анціп дастае самасаду, закурваюць. Рылько. Каб улагодзіць Казюка, .. [Адэля] вярнулася не з пустымі рукамі. Броўка. / Пра зямлю. Калгаснікі-плужане і калгаснікі-трактарысты ўступалі ў сацспаборніцтва, пры гэтым не забывалася, што зямлю трэба ўлагодзіць таксама і гноем і, асабліва, попелам. Колас.

2. Супакоіць, суцешыць. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай, вясёленькі, нёс новы анекдот, які павінен быў улагодзіць шэфа, калі той чым-небудзь угневаны. Шамякін. — Што ж ты, Паліна, не адна ж наша брыгада перайшла, — спрабаваў улагодзіць жонку Купчын. Мыслівец.

ула́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Права кіравання дзяржавай; форма палітычнага кіравання, панавання. Прыйсці да ўлады. Савецкая ўлада. □ Мір і братанне!.. Улада — Саветам, Шахты — рабочым, Сялянам — зямля. Глебка. // Права і паўнамоцтва дзяржаўных органаў. Заканадаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада. □ Усебеларускі з’езд Саветаў аб’явіў, што вышэйшай уладай у рэспубліцы з’яўляецца з’езд Саветаў. «Весці».

2. Кіруючыя дзяржаўныя органы; урад. Саветы — сапраўдная народная ўлада, якая дала народу мір, зямлю і свабоду. Галавач. У будынку райвыканкома Коршак праводзіў нараду з падпольшчыкамі, арганізуючы ў гарадку часовую ўладу. Хадкевіч. // толькі мн. (ула́ды, улад). Асобы з урадавымі паўнамоцтвамі; начальства. [Грузчыкаў] не пускалі на прычал, бо там ужо знаходзіліся належныя ўлады і праводзілі.. следства. Лынькоў.

3. Права і магчымасць распараджацца, кіраваць дзеяннямі, паводзінамі, лёсам каго‑н. Улада старшыні праўлення. Бацькоўская ўлада. □ [Тапурыя:] — «Вольны! — кажа князь, — адпу[ск]аю цябе з-пад свае ўлады сваім княжым словам!» Самуйлёнак. Пазней, калі хворы прыкметна пачаў ачуньваць, я, надзелены ўладай галоўнага ўрача, выканаў яго просьбу і забараніў штодзённыя наведванні яго блізкімі... Васілевіч. [Ірына] раптам адчула, што мае нейкую ўладу над Салаўёвым. Шахавец. / у перан. ужыв. Абуджаюць павагу і самавітыя рухі разліўшчыка, яго спакойна-засяроджаны твар, яго ўлада над агністым металам. Карпаў.

4. перан. Сіла, магутнасць, моцны ўплыў чаго‑н. Улада пачуццяў. Улада зямлі. □ Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна. Звонак.

•••

Перавышэнне ўлады — выкарыстанне правоў, паўнамоцтваў у большай, чым дазволена законам, ступені (пра службовых асоб).

Ва ўладзе; пад уладай чаго — пад уздзеяннем, пад уплывам чаго‑н. І не дарма ж на Палессі Чуў ад сталых я галоў, Што ў жыцці мы, як у лесе — Пад уладай нейкіх слоў. Колас. Прапахла ружамі машына, А я, ва ўладзе ўспамінаў, Смяялася, закрыўшы вочы, Са шчасця баючыся збочыць. Вярба.

Ваша ўлада — рабіце, што хочаце; ваша справа.

Сваёй уладай — на аснове права, дадзенага каму‑н.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) гл. стаць.

Траціць уладу над сабой гл. траціць.

улада́льнік, ‑а, м.

Той, хто ўладае чым‑н. Уладальнік аўтамашыны. Уладальнік маркі. □ Хлопчык пасябраваў не толькі з кацянём, а і з яго маленькім уладальнікам — Толікам. Васілевіч. Уявім сабе на хвіліну, што Міхал дамогся свайго, стаў уладальнікам некалькіх дзесяцін зямлі. Навуменка.

улада́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да уладальнік.

улада́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўладальніка.

уладалю́б, ‑а, м.

Уладалюбівы чалавек.

уладалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які любіць уладу (у 3 знач.), імкнецца да ўлады. Перамогі псавалі.. [Бародку]: рабілі самаўпэўненым, уладалюбівым, залішне патрабавальным да другіх і непатрабавальным да сябе. Шамякін.

уладалю́бства, ‑а, н.

Любоў, імкненне да ўлады.