улада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Права кіравання дзяржавай; форма палітычнага кіравання, панавання. Прыйсці да ўлады. Савецкая ўлада. ▪ Мір і братанне!.. Улада — Саветам, Шахты — рабочым, Сялянам — зямля. Глебка. // Права і паўнамоцтва дзяржаўных органаў. Заканадаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада. ▪ Усебеларускі з’езд Саветаў аб’явіў, што вышэйшай уладай у рэспубліцы з’яўляецца з’езд Саветаў. «Весці».

2. Кіруючыя дзяржаўныя органы; урад. Саветы — сапраўдная народная ўлада, якая дала народу мір, зямлю і свабоду. Галавач. У будынку райвыканкома Коршак праводзіў нараду з падпольшчыкамі, арганізуючы ў гарадку часовую ўладу. Хадкевіч. // толькі мн. (улады, улад). Асобы з урадавымі паўнамоцтвамі; начальства. [Грузчыкаў] не пускалі на прычал, бо там ужо знаходзіліся належныя ўлады і праводзілі.. следства. Лынькоў.

3. Права і магчымасць распараджацца, кіраваць дзеяннямі, паводзінамі, лёсам каго‑н. Улада старшыні праўлення. Бацькоўская ўлада. ▪ [Тапурыя:] — «Вольны! — кажа князь, — адпу[ск]аю цябе з-пад свае ўлады сваім княжым словам!» Самуйлёнак. Пазней, калі хворы прыкметна пачаў ачуньваць, я, надзелены ўладай галоўнага ўрача, выканаў яго просьбу і забараніў штодзённыя наведванні яго блізкімі... Васілевіч. [Ірына] раптам адчула, што мае нейкую ўладу над Салаўёвым. Шахавец. / у перан. ужыв. Абуджаюць павагу і самавітыя рухі разліўшчыка, яго спакойна-засяроджаны твар, яго ўлада над агністым металам. Карпаў.

4. перан. Сіла, магутнасць, моцны ўплыў чаго‑н. Улада пачуццяў. Улада зямлі. ▪ Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна. Звонак.

•••

Перавышэнне ўлады — выкарыстанне правоў, паўнамоцтваў у большай, чым дазволена законам, ступені (пра службовых асоб).

Ва ўладзе; пад уладай чаго — пад уздзеяннем, пад уплывам чаго‑н. І не дарма ж на Палессі Чуў ад сталых я галоў, Што ў жыцці мы, як у лесе — Пад уладай нейкіх слоў. Колас. Прапахла ружамі машына, А я, ва ўладзе ўспамінаў, Смяялася, закрыўшы вочы, Са шчасця баючыся збочыць. Вярба.

Ваша ўлада — рабіце, што хочаце; ваша справа.

Сваёй уладай — на аснове права, дадзенага каму‑н.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) гл. стаць.

Траціць уладу над сабой гл. траціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)