Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. даўні.

2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.

3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.

да́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які быў, існаваў, адбыўся даўно, задоўга да цяперашняга часу; старадаўні. Даўнія часы. Даўнія парадкі. □ Пра даўні паход Ермака Хлапцы заспявалі ў вагоне. Аўрамчык. // Які існуе даўно, з даўняй пары. Даўні звычай. □ Дацэнт і Валіна маці, як пасля дазнаўся Міхась, былі даўнія знаёмыя. Шахавец. Ужо некалькі гадоў .. [стары] не выходзіў з дому, прыкуты да месца даўняй хваробай. Самуйлёнак.

2. у знач. наз. да́ўняе, ‑яга, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Успомнілася ўсё даўняе, мінулае.

даўніна́, ‑ы, ж.

Разм. Былыя, даўно мінулыя часы; старадаўнасць. Ян разгаварыўся, пачаў успамінаць даўніну і, здаецца, на гэты час забыў сваё гора. Чарнышэвіч. Гэты голас з даўніны глыбокай песні інкаў да мяне прынёс. А. Вольскі.

да́ўнішні, ‑яя, ‑яе.

Тое, што і даўні (у 1 знач.). Даўнішнія сябры. □ Косця адчуваў, як недзе на душы пачынае ажываць даўнішняя нялюбасць, злосць і непавага да Жвіра. Адамчык.

даўно́, прысл.

1. Раней, задоўга да цяперашняга часу. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы І травы павялі. Колас. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль.

2. На працягу доўгага часу, здаўна і да цяперашняга моманту. Не любяць панскай яны ўлады, Даўно чакаюць нейкіх змен. Колас. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.

даўноміну́лы, ‑ая, ‑ае.

Які існаваў, адбыўся ў далёкім мінулым. Даўномінулыя падзеі.

•••

Даўномінулы час гл. час.

даўны́м-даўно́, прысл.

Разм. Вельмі даўно. Даўным-даўно, яшчэ пры панах, на беразе Зялёнага возера стаяў прыгожы маёнтак. Ваданосаў. Некалі, даўным-даўно, жыў у адной вёсцы працавіты селянін Саўка. С. Александровіч.

даўню́тка, прысл.

Разм. Даволі даўно. — Даўнютка мы з табою не хадзілі вось так, удвух, — сказаў .. [Кашын], як ішлі з прахадной. Карпаў.

дафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.

Скончыць фарбаванне, афарбоўку чаго‑н.; афарбаваць да якога‑н. месца. Дафарбаваць падлогу. Дафарбаваць столь да сярэдзіны.

дафарбо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да дафарбоўваць.