Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трыхінелёз, ‑у, м.

Хвароба, выкліканая трыхінамі.

трыхіно́зны, ‑ая, ‑ае.

З трыхінамі, заражаны трыхінамі. Трыхінознае мяса.

трыціка́ле, нескл., н.

Новая збожжавая культура, якая з’яўляецца гібрыдам пшаніцы і жыта.

[Ад лац. triti (cum) — пшаніца і (se) cale — жыта.]

трыцца́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Тое, што і трыццацірублёўка. // Назва розных прадметаў (аўтобус, тралейбус маршруту № 30 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 30.

трыцца́ты, ‑ая, ‑ае.

Ліч. парадк. да трыццаць. Трыццаты дзень. Трыццатыя гады (ад 30 да 40 года кожнага стагоддзя).

трыццаці...

Першая састаўная частка складаных слоў; абазначае: 1) які мае трыццаць адзінак таго, што паказана ў другой частцы, напрыклад: трыццацівугольны, трыццацігранны; 2) які складаецца з трыццаці адзінак або мерай у трыццаць якіх‑н. адзінак, напрыклад: трыццацігадовы, трыццаціпавярховы, трыццацітонны.

трыццацігадо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца трыццаць год. Трыццацігадовая дружба.

2. Узростам у трыццаць год. Піліп — трыццацігадовы мужчына, чорнабароды асілак — меў ужо ладную сям’ю: жонку і чацвёра дзяцей. Чарнышэвіч.

3. Які мае адносіны да трыццацігоддзя (у 2 знач.). Трыццацігадовы юбілей.

трыццаціго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў трыццаць год. Мінулае трыццацігоддзе.

2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося трыццаць год таму назад. Адзначыць трыццацігоддзе працоўнай дзейнасці.

трыццацігра́дусны, ‑ая, ‑ае.

Тэмпературай, мацункам і пад. у трыццаць градусаў. Трыццаціградусны мароз. Трыццаціградуснае віно.

трыццацідзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца трыццаць дзён. Трыццацідзённы водпуск.

2. Узростам у трыццаць дзён. Трыццацідзённае цяля.